Напрыканцы мінулага года грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства пазначыла GPS-ашыйнікамі двух ваўкоў на Палессі. З дапамогай ашыйнікаў навукоўцы збіраюць дадзеныя аб перамяшчэнні ваўкоў, вывучаюць іх рацыён і маршруты. Імя для аднаго з шэрых герояў праекта выбіралі ўсёй краінай. Але імя шэры так і не атрымаў: ваўка застрэлілі за 2 дні да падвядзення вынікаў галасавання.

Зараз у праекце засталася адна маладая ваўчыца, да гэтага часу безназоўная. У рамках выступу супрацоўніцы АПБ Ірыны Кашпей на канферэнцыі TEDx Minsk 2019, удзельнікаў мерапрыемства папрасілі прапанаваць імёны для ваўчыцы. Так было сабрана 62 разнастайныя прапановы! Прагаласаваць за лепшы варыянт можна па спасылцы або на старонцы праекта vouk.by да 7 красавіка.

 

Ірына Кашпей, супрацоўніца па прыродаахоўных пытаннях АПБ, спікер TEDx Minsk 2019:

"Вывучаць жыццё ваўчыцы мы пачалі ў канцы мінулага года. Яна зусім маладая: у канцы вясны ёй споўніцца год. Ваўчыца і ўся яе сям'я маюць падвойнае грамадзянства. Ваўкам ніхто не патлумачыў, што паміж Беларуссю і Украінай ёсць мяжа: што трэба праходзіць пашпартны кантроль і дэклараваць здабычу. Пакуль ваўчыца маленькая, яна любіць гуляцца. А гуляе яна з усім, што трапіць на яе шляху: напрыклад, гідраўлічны шланг. Гісторыя нашай ваўчыцы яшчэ ў самым пачатку".