У пачатку 20 стагоддзя на большай частцы тэрыторыі Заходняй Еўропы ваўкі зніклі. Прычынай гэтага стала некантраляванае паляванне, урбанізацыя і індустрыялізацыя. Дый фермеры забівалі ваўкоў: баяліся, што тыя знішчаць іх жывёлу. Колькасць ваўкоў пачала аднаўляцца толькі пасля прыняцця ў 1979 годзе Бернскай канвенцыі аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыроднага асяроддзя пражывання. Ваўка палічылі відам, які трэба ахоўваць, і забаранілі на яго паляваць.

Толькі ў апошнія дзесяцігоддзі навукоўцы пачалі назіраць актыўнае рассяленне ваўкоў па тэрыторыі Цэнтральнай Еўропы. Драпежнікаў робіцца больш у Заходняй Польшчы і Германіі, адзінкі пачалі сустракацца ў Даніі і Нідэрландах.

Некаторыя краіны, якія ратыфікавалі Бернскую канвенцыю, прынялі яе з агаворкамі ў дачыненні да ваўка. Напрыклад, Беларусь, Латвія і Літва палічылі, што колькасць гэтага віду досыць вялікая і па-ранейшаму мае патрэбу ў рэгуляванні.

У 2019 годзе група з 14 еўрапейскіх навукоўцаў з розных краін апублікавала артыкул у адным з вядучых навуковых часопісаў, заснаваны на вывучэнні генетычных проб 881 ваўка. Мачу, шэрсць, кроў і тканкі ваўкоў збіралі ў Польшчы, Літве, Беларусі, Украіне (Чарнобыльская зона), Славакіі і Усходняй Чэхіі. Усе ўзоры атрымалі неінвазіўным метадам: пробы бралі ад тых жывёл, якія загінулі ў выніку аварый ці сталі ахвярамі браканьераў. Свой унёсак зрабілі і эксперты Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы.

У лабараторыі яшчэ раз пацвердзілі перасяленне ваўка Рудога з беларускай Белавежскай пушчы ў Польшчу, а таксама даказалі, што папуляцыя ваўка ў Белавежскай пушчы папаўнялася перасяленцамі з Карпацкіх гор.

Як правіла, новыя папуляцыі ваўкоў атрымліваюць у спадчыну больш бедную генетычную структуру, паколькі ў рассяленні ўдзельнічае толькі частка генатыпу. Але ў выпадку, пра які ідзе гаворка, дзякуючы змешванню ваўкоў з розных папуляцый фармуецца зусім новая генетычна адасобленая папуляцыя. За кошт «змешвання крыві» яна якасна адрозніваецца ад суседніх. З гэтай прычыны генетычная структура еўрапейскіх ваўкоў становіцца больш разнастайнай, што дае падставу для ўзмацнення папуляцыйнай генетычнай структуры ваўка ў Еўропе ў цэлым.


Для Польшчы гэтая навіна азначае больш пільную ўвагу з боку навуковай грамадскасці, а таксама накладае на пэўныя інстытуты асаблівую адказнасць за ахову тэрыторыі, на якой сфармавалася новая папуляцыя, ці, як яе называюць польскія навукоўцы, «цігель» («плавільны кацёл»), дзе злучыліся, «сплавіліся» ваўкі з розных папуляцый.

 

Карта-схема з артыкула "Dynamic range expansion leads to establishment of a new, genetically distinct wolf population in Central Europe"