Воўк-адзінец на самой справе не сыходзіць са зграі самаўпэўнены і бадзёры, каб жыць сам-насам насуперак усім акалічнасцям. Ваўкі – звяры сямейныя. Супрацоўніцтва і ўзаемадапамога для іх – звычайная справа, умова выжывання. Але усё ж такі воўк па-за зграяй – з’ява зусім не спецыфічная. 

Па ўсім свете каля 15% ваўкоў жывуць адасоблена

Самота драпежніка не хранічная: часцей за ўсё нейкі час звер шукае новых сваякоў. Але адбываецца ва ўсіх па-рознаму: адны ваўкі ўсё жыццё трымаюцца адной сям’і, іншыя пакідаюць бацькоў у маладым узросце, сыходзяць шукаць сабе пару, ствараюць уласныя сем’і. 

У вандраванне маладыя ваўкі выпраўляюцца, каб забяспечыць генетычны абмен паміж рознымі сямейнымі групоўкамі. На няшчасце, у гэтым ім часта замінае чалавек: ваўкоў некантралявана адстрэльваюць, ахоўных механізмаў для ваўка на ўзроўні заканадаўства няма. Папуляцыі ў такіх умовах складана развівацца і заставацца здаровай, і ўвогуле амаль немагчыма застацца паўнавартаснай часткай ляснога жыцця. 

Цікавы выпадак адбыўся шмат гадоў таму ў Швецыі. Мясцовыя ваўкі зусім знясіліліся, папуляцыя была пад пагрозай імбрыдынгу – скрыжавання блізкай радні. Выратаваннем стаў воўк-мігрант з Фінляндыі. Ён перасёк мяжу, злучыўся з самкай-шведкай і такім чынам адрадзіў мясцовую супольнасць ваўкоў.

Як ваўкі вырашаюць, калі сыходзіць у новае жыццё?

Усё проста: яны чакаюць палавога саспявання. Гэта адбываецца ва ўзросце ад аднаго да двух гадоў. На пошукі пары выпраўляюцца як самцы, так і самкі.

Сцэнары заснавання новай зграі бываюць такія:

Жыццё самотнага ваўка – не бесклапотная прыгода. Аддзяліцца ад зграі – значыць пазбавіцца абароны і дапамогі. Шанец загінуць вельмі высокі. Калі пошук партнёра або партнёркі доўгі час не дае выніку, звер можа вярнуцца ў зграю, з якой сышоў.

Воўчыя сем’і прывязаныя да сваёй тэрыторыі – вось чаму адзінцу небяспечна блукаць без разбору абы-дзе. Перамяшчацца больш-менш бяспечна воўк можа па так званых прыродных калідорах (заўв. – працяглых участках месцапражыванняў, якія з'явіліся, каб палегчыць міграцыю асобін у фрагментаваным ландшафце, звязаць слабапарушаныя экасістэмы). Драпежнік ідзе павольна і асцярожна, выбіраючы нейтральныя землі, каб не пераступіць межы чыіхсьці ўладанняў. Арыентуюцца ваўкі пры гэтым на чужыя пахкія пазнакі, лішняй ўвагі не прыцягваюць і не выюць. Тым не менш ёсць выключэнні. Бывае, асобіна выпадкова адбіваецца ад сваіх. Тады гучным выццём яна паспрабуе дагукацца да зграі, каб уз'яднацца з ёй.