Аўтары артыкула "Дарогі бяспечнейшыя, калі там ёсць ваўкі...", апублікаванага ў навуковым часопісе PNAS, сцвярджаюць, што ў месцах, дзе ёсць воўк, дарожных здарэнняў з удзелам аленяў у сярэднім на 24% менш, чым там, дзе яго няма. Пры гэтым эканамічны эфект ад зніжэння колькасці аварый перавышае шкоду, якую ваўкі наносяць сельскай гаспадарцы, калі нападаюць на свойскую жывёлу, у 63 разы.

Ваўкі абмяжоўваюць выхад аленяў на дарогу, забіваючы іх?


Так, ваўкі кантралююць колькасць парнакапытных, але асноўны ўплыў аказвае не паляванне. У выніку эксперыменту навукоўцы высветлілі, што на зніжэнне колькасці аварый больш за ўсё паўплываў фактар паводзінаў. Ваўкі нібыта выдрэсіравалі аленяў. Вядома, што больш за ўсё ахвяраў ваўкоў прыпадае на ўчасткі каля дарог, трубаправодаў і іншых лінейных збудаванняў, дзе ваўкі актыўна перасоўваюцца. Для аленяў гэтыя месцы становяцца "ландшафтамі страху" і яны імкнуцца ўсяляк іх абыходзіць.

У ЗША штогод адбываецца мільён ДТЗ з удзелам аленяў, у якіх гіне 200 чалавек, яшчэ 29 тысяч атрымліваюць траўмы рознай ступені цяжкасці. У Еўропе сітуацыя падобная, але пры меншай колькасці аварый пацярпелых і ахвяр больш.

 

Ці можна верыць такім разлікам?

Высновы аўтараў даследаванняў грунтуюцца на дадзеных па амерыканскім штаце Вісконсін за 1988-2010 гады. Навукоўцы прааналізавалі сувязі паміж колькасцю аленяў, ваўкоў, ДТЗ,  а таксама фактарамі, якія могуць паўплываць на аб'ектыўнасць высноў, ва ўсіх 63 каўнці (іначай, раёнаў) штата.

Графік з навуковага артыкула "Дарогі бяспечнейшыя, калі там ёсць ваўкі...". Рассяленне ваўкоў у штаце Вісконсін 

Перш за ўсё, навукоўцаў цікавілі суадносіны колькасці ДТЗ з удзелам аленяў у рэгіёнах, дзе воўк ёсць і дзе яго няма. Для максімальнай аб'ектыўнасці яны вывучылі і перавялі ў каэфіцыенты такія зменлівыя ад каўнці да каўнці паказчыкі як агульная колькасць ДТЗ, умовы надвор'я, якасць дарог, узровень аўтамабільнай бяспекі, ваганні цэнаў на паліва і іншае.

Аб чым яшчэ даведаліся навукоўцы?

На графіку добра відаць, што там, дзе ваўка няма, з цягам часу колькасць аўтамабільных аварый з удзелам аленяў пачала павялічвацца.

Графікі з артыкула "Дарогі бяспечнейшыя, калі там ёсць ваўкі...".Чырвоным колерам адлюстраваны дадзеныя па штатах, дзе воўк ёсць, шэрым - дзе яго няма. А - шчыльнасць ваўка на км², B - колькасць ДТЗ з удзелам аленяў, С - шчыльнасць аленяў на км², D - колькасць іншых ДТЗ.

У першай палове 20 стагоддзя ў Вісконсіне, як і ў многіх іншых рэгіёнах, ваўкі былі практычна знішчаны. Але з 1975 года драпежнікі пачалі рассяляцца па тэрыторыі штата натуральным шляхам. На момант правядзення даследавання ваўкі засялялі 29 штатаў і іх колькасць была блізкая да значэння ёмістасці асяроддзя (той колькасці, якую экасістэма можа доўга падтрымліваць).

Паказальныя і іншыя вынікі даследавання. Папуляцыя аленяў у незаселеных ваўком каўнці з 1988 года вырасла ўтрая — да 300 асобін на квадратны кіламетр, а ў каўнці, дзе ваўкі ёсць, у сярэднім не перавышае 150 асобін. Работнікі сферы лясной гаспадаркі, пэўна, падзякавалі ваўкам за такую паслугу.

Перанаселенасць капытнымі (аленямі) прыводзіць да таго, што лес горш аднаўляецца, змяняецца склад расліннага покрыва, паскараецца распаўсюджванне інвазіўных відаў.

Людзі выгналі ваўкоў з большай часткі Паўночнай Амерыкі і Еўропы яшчэ ў канцы 19-га, пачатку 20 стагоддзя. Цяпер навукоўцы з розных краін прыкладаюць немалыя намаганні, а дзяржавы выдаткоўваюць значныя сродкі, каб аднавіць іх папуляцыю. І пакуль не ва ўсіх краінах ваўка цэняць самога па сабе, як крыніцу біяразнастайнасці, то хочацца верыць, што вынікі гэтага даследавання і магчымасць сэканоміць грошы для бюджэту паўплываюць на тое, каб паляванне на ваўкоў перастала быць неабмежаваным.

Тэкст падрыхтавала Аліна Ляпешкіна