У цэнтральным Палескім рэгіёне ваўкоў значна менш, чым у Белавежскай пушчы або ў Чарнобыльскай зоне (Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку). За два тыдні адловаў наша каманда навукоўцаў злавіла толькі дзве асобіны. Невялікую колькасць можна растлумачыць няпростымі ўмовамі для жыцця шэрых драпежнікаў і малой колькасцю дзічыны для пражытка.

 

Менавіта таму тэрыторыя ваўчынай зграі на Палессі значна больш, чым у той жа Белавежскай пушчы. Нагадаем, што воўк Вася быў адзінцом. Але другая помеченная ваўчыца жыве ў зграі, якая займае ўчастак плошчай у 600 км2, які часткова заходзіць на Альманскія балоты. Гэта ў 2-3 разы больш, чым ўчастак зграі ў Белавежскай пушчы або Палескім запаведніку.

 

Чым жа харчаваўся Вася? Па слядах ваўка мы знайшлі рэшткі некалькіх яго трапез. Напрыклад, Вася нейкі час харчаваўся трупамі ласёў. Першы, на нашу думку, быў забіты хутчэй за ўсё нелегальна, другі – паляўнічымі, а трэці, верагодна, быў збіты машынай. Дарэчы, па карце перамяшчэння бачна, што воўк шмат часу праводзіў менавіта каля дарогі: там лягчэй знайсці сабе пражытак.

 

Вывучыўшы памёт ваўка Васі, мы натыкнуліся на пацверджанне факту, што ў рацыёне драпежнікаў да 10% можа займаць раслінная ежа. Вася любіў грушы.

 

Як жа ідуць справы з ваўком ў Палессі? Як і амаль па ўсёй Беларусі, перад паляўнічымі тут пастаўлена задача татальна вынішчыць ваўка як від. Астраўкоў бяспекі для яго ў Палессі практычна няма.

 

Каардынатар праграм грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук:

«Калі сустракаешся з егерамі, якая выходзілі на паляванне ў раёне Альманскіх балот, практычна ў кожнага чалавека ў тэлефоне ёсць фатаграфіі забітых ваўкоў. І такая сітуацыя паўсюль – ваўкі ў Беларусі паўсюдна актыўна перасьледуюцца і знішчаюцца. Ваўкі – важны элемент экасістэмы. І мы выступаем за тое, каб на такіх значных прыродных тэрыторыях, як Альманскія балоты, яны мелі сваё законнае месца ».

 

Даследаванні ваўкоў грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» праводзіць у рамках «Прыродаахоўнага праекта для Палесся» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага грамадства. На Палессі застаўся яшчэ адзін воўк, пазначаны GPS-ашыйнікам. Гэта ваўчыца, якая жыве ў зграі. На шчасце, зграя, у якую ўваходзіць ваўчыца, у адноснай бяспецы, бо палова тэрыторыі знаходзіцца ў памежнай паласе, дзе паляванне забароненая. Працягвай сачыць за яе жыццём на vouk.by і на старонках праекта ў Facebook, Instagram, Укантакце.