Тэорыя

Маёй жонцы было вельмі складана растлумачыць маме, чаму мы паехалі на «Ноч ваўкоў». «Гэта далёка». — «Але мы знайшлі воўчыя сляды». — «Жах! Ноччу і ў лесе!». — «Нас было шмат». — «Шмат? Каму наогул патрэбныя гэтыя ваўкі?! » — «Ну маааама!» 

Тым не менш, гэта праўда — у схаванай пасярод Белавежскай пушчы «Жаркаўшчыне» сабралося каля сарака чалавек. Яшчэ семдзесят асобных карыстальнікаў і груп далучыліся праз Zoom, каб паслухаць даклады навукоўцаў з Беларусі, Ірландыі, Германіі і ЗША. Некаторыя з дзяцінства ведаюць пра ваўка толькі тое, што ён можа ўкусіць за бачок. Сёння павінна быць шмат адкрыццяў.

Англічане, палякі, эстонцы — з намі! Усе цікавяцца жыццём беларускіх ваўкоў.

“У Беларусі можна паляваць нават на ваўчанят

Вось, напрыклад: сярод беларусаў не толькі мая цешча перакананая ў бескарыснасці ваўкоў. У нашай краіне на іх можна паляваць у любую пару года. Нават падчас гону. Нават на маленькіх ваўчанят. Да нядаўняга часу іх адносілі да «непажаданых відаў». Зараз фармулёўку прыбралі, але сутнасць засталася.

У Ірландыі, наадварот, ваўкі — вельмі пажаданы від. Спачатку яны былі там цалкам знішчаныя, і ў адсутнасці драпежнікаў колькасць аленяў павялічылася настолькі, што яны сталі пагражаць экасістэме вострава: яны выядаюць усю расліннасць, істотна мяняючы нават сам ландшафт. Раней у Ірландыі было больш лясоў, а цяпер яны проста не паспяваюць аднавіцца. Ірландскія паляўнічыя штогод забіваюць каля 40 000 аленяў, але гэтага не хапае. Як бачыце, траваедныя — не значыць бяскрыўдныя. Усё патрабуе балансу. Яго і забяспечваюць шэрыя драпежнікі.

Самая каштоўная частка дакладаў — жывая гутарка з навукоўцамі 

“Ваўкі забяспечваюць баланс экасістэмы

Ну і самая ўражвальная навіна для воўчых хейтараў — ваўкі не з'ядуць вас, калі сустрэнуць. Часцей за ўсё праблема ў іншым — яны нас баяцца, таму іх практычна немагчыма сфатаграфаваць. З гэтай мэтай у Арктыку прыехаў фатограф National Geographic Ронан Донаван. Там ваўкі ніколі не жылі побач з людзьмі і зусім не баяцца двухногіх. Паводле Ронана, яму давялося літаральна біць іх па носе, каб яны перасталі яго нюхаць.

Практыка

Пакуль мы слухалі даклады, у пушчы, нарэшце, сцямнела — самы час, каб ісці ў лес правяраць тэорыю Донавана. Мы падзяліліся на дзве групы па 20 чалавек, з гідамі і егерамі.

Здаецца, мы напалі на яго след!

Праз некалькі хвілін мяне прабірае да дрыжыкаў ад пранізлівага вою пасярод лесу. На жаль, гэта не воўк. Адзін з егераў паказвае нам, як «вабіць» ваўка. Гэта старажытнае мастацтва імітацыі воўчых галасоў. Калі егер зробіць гэта добра, воўк адкажа — так паляўнічы будзе ведаць, дзе яго логава.

— Навошта гэта рабіць, навошта забіваць ваўка? — пытаецца нехта з нашай групы.

— Калі ў лесе ёсць хоць адзін воўк, то егер ужо не гаспадар гэтага лесу, — адказвае егер.

У іх сваё меркаванне. Паляўнічыя разводзяць дзічыну, каб паляваць на яе. А воўк — іх галоўны канкурэнт.

“Паказваючы ваўкоў ці статкі аленяў турыстам, егер можа зарабляць больш 

Мы ідзем па ўзлеску за нашым ваяўнічым правадыром. На шляху ўвесь час сустракаюцца сляды жывёл: казулі, аленя, дзіка. Я ўсё жыццё лічыў, што ў 21-м стагоддзі дзікія жывёлы жывуць толькі на малюнках у дзіцячых кніжках. Цяпер мне сорамна перад уласнай дачкой — я не ведаю, хто якія сляды пакідае. Даводзіцца ўвесь час пытацца ў гідаў.

А вось і доказы! Рожкі ды ножкі — усё што засталося ад аленя.

Я ледзь паспяваю за адным з іх, правальваючыся ў снег. Максім Нямчынаў — арнітолаг, але шмат ведае і пра іншых жывёл. Мы спрабуем знайсці сляды ваўка і ўголас разважаем пра стаўленне людзей да гэтых драпежнікаў:

- Людзям цяпер самім бы выжыць. Не да ратавання ваўкоў. Вось і егер кажа: калі не будуць паляваць, за што мне жыць? — кажу я.

- У тым і рэч. Паказваючы ваўкоў ці статкі аленяў турыстам, егер можа зарабляць больш, — адказвае Максім.

Нарэшце мы знаходзім воўчы след — можна выкрэсліваць адзін з пунктаў чэк-ліста. Арганізатары «Ночы ваўкоў» зрабіці цэлы квэст, які трэба выканаць падчас ляснога шпацыру. Мой улюбёны пункт — павыць на месяц. Сёння якраз поўня, і гэта проста ідэальныя ўмовы.

“Мы так спяшаліся на «Ноч ваўкоў», што паляцелі ў кювет. Але яно таго вартае 

Нашыя рулады становяцца больш меладычнымі пасля вячэры каля вогнішча. Самы час расказваць гісторыі.

— Мы так спяшаліся на «Ноч ваўкоў », што паляцелі ў кювет. Давялося цягнуць трактарам. Але яно таго вартае, — расказвае адзін з удзельнікаў нашай зграі.

І я цалкам з ім згодны. Спадзяюся, ваўкі гэта таксама ацанілі. Усё ж хочацца, каб яны адчувалі падтрымку шматлікіх сяброў.

 

Аўтар: Дзмітрый Паўлюкевіч
Фота: Міхаіл Капычка