Табе даводзілася пацярпець паразу на абсалютна роўным месцы? Тады ты зразумееш, пра што мы раскажам сёння.

Уяві, што вырашыў павячэраць разам з сям'ёй, накупіўшы ўсялякіх ласункаў, толькі прыгожа сабраў на стол, толькі запрасіў усіх сямейных, як сусед побач узгадаў, што ўжо колькі гадзінаў не браў у рукі перфаратар і ў тэрміновым рамонце мае патрэбу вашая агульная сцяна. 

Зразумела, што вячэра на гэтым скончаная, табе даводзіцца хапаць сям'ю і ісці як мага далей ад гэтай сцяны, гэтай кватэры, гэтага дома і, пажадана, горада. А тут гісторыя прымае зусім нечаканы паварот. Як толькі ты за дзверы, прыходзяць госці.

Госці разнастайныя: знаёмыя, незнаёмыя, супрацоўнікі мясцовага ЖЭСа, чалавек, якому ты наступіў на нагу ў тралейбусе, стрыечны брат, існаванне якога было ў тваім уяленні досыць міфічным і чыё імя не можа ўзгадаць ніхто. Ну і так, па дробязі: грузчыкі мясцовай крамы, супрацоўніца шапіка, якая якраз удала "пайшла на абед" і яшчэ з тузін падазроных асобаў. І ладзяць у цябе нейкае сваё свята.

Дурная гісторыя? А не! Жыццёвая. Пушчанскія ваўкі ўпалявалі сабе аленя, але недалёка ад гэтага месца якраз ішлі лесагаспадарчыя працы, якія могуць напалохаць хоць ваўкоў, хоць асабіста цябе. Што рабіць? Зграя пакінула аленя на пэўны час... і тут пачалося! Добра, што нашыя назіральнікі тэрмінова паставілі насупраць фотапастку.

 

Першымі, як гэта заўсёды бывае, прыляцелі крукі. Пасля міма праходзіў ліс — а тут такое! Але і гэтага было мала — прыляцелі арланы.

Думаеце, на гэтым усё скончылася? Туды ж прышоў наш стары знаёмца воўк Алесь. 

Мы прыносім спачуванні зграі ваўкоў, але радуемся, што наш Алесь не галадае. Ну і працягваем сачыць! Не пераключайся.