У нас тут такая сітуацыя была, знікла наша Завея — некалькі дзён ад "разумнага" ашыйніка не было сігналаў. Што варта рабіць у такіх выпадках? Хтосьці скажа, панікаваць. Але нам ідэя панікаваць не вельмі спадабалася, і наш даследчык рушыў па слядах зграі нашай Завеі, самай нашай "народнай" ваўчыхі.

Насамрэч, з адсутнасцю сігнала ўсё проста — Завея і сябры абралі для падарожжаў такія дзікія месцы пушчы, што наяўнасць там хоць якой сувязі — хутчэй выключэнне, чым правіла. Нават з назваў бачна: балота Дзікое, Глыбокае, Арлова.

 У чым плюс зімы для нашых спецыялістаў? Хадзіць па балоце нашмат лягчэй. Хоць ты воўк, хоць даследчык - гуляй не хачу!

Перад тым, як выйсці на балота, наш даследчык пару кіламетраў ішоў па вось такой грэблі.

 І ўжо праз некалькі соцень метраў пабачыў сляды! Ну вось і здагадайся, хто гэта такі тут хадзіў?

 Вось даследчык выйшаў на балота і бачыць такую карціну. Як думаеш, хто гэта тут адпачываў?

 

А хто гэта тут еў?

Правільна, менавіта наша любая Завея са сваёй зграяй. Як у англійскім клубе, тут сабраліся на застолле крумкачы і арланы-белахвосты, але разляцеліся, ледзь пабачыўшы даследчыка, і не трапілі ў кадр.

На гэтае месца пару дзён таму завітаў страшна недальнабачны малады лось. 

 Больш дальнабачны лось пайшоў бы ў сасновыя бары, дзе ёсць, напрыклад, шмат ежы. А тут што ёсць? Завея з сябрамі! 

 Чаму юнаму ласю “не сядзелася дома”, застанецца загадкай.

Мы ведаем толькі, што ён стаў кормам, а ваўкі пайшлі далей засвойваць тэрыторыю. І мы будзем сачыць за тым, як у іх ідуць справы.

Фота - Аляксандр Пекач