Дзякуючы GPS-ашыйнікам,  якія мы апранулі на ваўкоў,  можна адсочваць тэрыторыі пэўных зграй. Напрыклад —зграі нашай ваўчыхі Завеі.

Хоць мы не можам пакуль дакладна сказаць, колькі ваўкоў уваходзіць у яе зграю,  але ўяўляем, якую тэрыторыю займае гэтая ватага: гэта амаль усё балота “Дзікае”. На тэрыторыі  “Дзікага” таксама знаходзіцца самая вялікая па шчыльнасці ў пушчы папуляцыя лася. Месца вельмі прывабнае, як для ваўкоў, так і для ласёў.

Вось і пры чарговым абследаванні кропак з GPS-ашыйніка Завеі была знойдзена ахвяра яе зграі. Гэта быў малады самец лася ўзростам ля двух-трох   гадоў.




Ваўчыца Завея была адлоўлена на тэрыторыі Ашчэпскага лясніцтва 10 лістапада.
І гэта не першы лось, знойдзены на яе “кропках”. Да таго мы ўжо знаходзілі парэшткі самкі лася ўзростам два-тры гады.

 

І парэшткі зусім маладога лася, узрост якога склаў прыблізна паўгады.


Як бачым, усе гэтыя ласі былі адносна маладымі. Зараз ужо цяжка сказаць, былі жывёлы здаровыя ці хворыя, ці былі параненыя паляўнічымі, ці проста так склаўся іх лёс — стаць прыкладам узаемаадносінаў ахвяраў і драпежнікаў.

Але самае цікавае ў іншым: калі паглядзець на рогі, якія мы часам знаходзім у ваколіцах “Дзікага”, робіцца відавочна, што вялікія самцы ласёў спакойна суіснуюць побач з ваўкамі. А паміраюць ласі найчсцей ад рук браканьераў і неабдумных трафейных паляванняў.

 

 

Тэкст і фота — Аляксандр Пекач