Ці трэба ахоўваць ваўка? Ці шэрых так шмат, што няхай іх страляюць колькі хочуць і дзе хочуць? Дыскусія пра гэта вядзецца і датычна Нацпарку, і на нацыянальным узроўні.

Каб ацаніць, шмат ваўкоў у пушчы ці не, трэба іх спачатку падлічыць. Так, і раней былі спробы “перапісу воўчага насельніцтва” пушчы, але дадзеныя даследаванняў разыходзіліся. У некаторых нават не згадваліся метады, якімі яны праводзіліся.

Каб вызначыць колькасць і размеркаванне ваўка ў Нацпарку, АПБ разам з ім пачала ў 2013 годзе праект для Беловежскай пушчы пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства.

Вучоныя выкарыстоўвалі дадзеныя пазначэння ваўкоў у 2015 і 2017 гадах каляровымі і GPS-ашыйнікамі, фота- і відэафіксацыю фотапасткамі за 2013-2017 гады, вынікі візуальных назіранняў, зімовага траплення і апытання егерскай службы Нацпарку.

 

Ты ўжо бачыў многія фота і відэа з ваўкамі, якія трапілі ў аб'ектыў фотапасткі. Усяго гэтыя камеры за 4 з лішнім гады зрабілі 1362 рэгістрацыі ваўка ў Белавежскай пушчы.

Больш за ўсё было ваўкоў-адзіночак і ваўчыных пар. Прычым каля 60 % такіх фотарэгістрацый было вясной і летам.

Групы па 3-4 ваўкі трапляліся даволі рэдка, а рэгістрацыі 5 і болей ваўкоў былі адзінкавыя.

Максімальны памер груп, якія трапілі на фотапастку, - 6-7 ваўкоў. Усе іх рэгістрацыі атрыманыя ўвосень і ўзімку.

 

На фота - усталёўка фотапасткі.

Сярэдняя колькасць ваўкоў у групе склала 1,42.

Памер зграі ў Нацпарку, ацэнены згаданымі вышэй метадамі, зімой 2016-2017 гадоў склаў 5-8 ваўкоў (у сярэднім 5,7 ваўка ў зграі).

У наступнай частцы мы раскажам, як пушчанскія ваўкі дзеляць паміж сабой тэрыторыю.

 

 

Воўчы блог увайшоў у Топ-10 найлепшых сайтаў байнэта!  Змагаемся за перамогу - падтрымай ваўкоў голасам!