У мінулай частцы мы расказалі, як мы лічылі ваўкоў у зграях і вызначылі, што ўзімку сярэдні памер зграі ў беларускай частцы пушчы склаў 5,7 асобінаў.

А колькі такіх зграй тут жыве? Іх сем, і агульны памер тэрыторыі, якую яны займаюць, складае 183 тыс. га. Апроч таго, у Нацпарку жыве 10-12 ваўкоў-адзіночак. Адзінокія самцы не прывязаныя да межаў зграй, яны шырока выкарыстоўваюць тэрыторыю пушчы, могуць таксама пакідаць яе і вяртацца назад.

Такім чынам, мы можам палічыць шчыльнасць ваўка для Нацпарку - атрымліваецца 2,5-3,2 асобінаў на 100 км2.

«Жылплошчу» трох зграй дапамаглі вызначыць “разумныя” ашыйнікі, якія збіралі дадзеныя пра перамяшчэнні ваўкоў. Прычым для Язвінскай зграі займаную ёй тэрыторыю ўстанавілі двойчы – у выніку пазначэння ваўкоў ашыйнікамі ў 2015 і ў 2017 гадах.


Памер тэрыторыі зграй прыблізна такі ж, як у польскай частцы Белавежскай пушчы (173–294 км2) або ў Чарнобыльскай зоне (250 км2).

Тэрыторыя Ашчэпскай зграі, дзе бегае наша Завея, вылучаецца большым памерам. Гэта таму, што зграя жыве на балотах, і вялікія ўчасткі іх практычна не выкарыстоўвае.

 

Межы ўсіх сямі пушчанскіх зграй паказаныя на малюнку.

  

У наступнай частцы мы раскажам пра справы з ваўкамі ў нашых суседзяў і падзелімся высновамі нашых вучоных. 

 

Воўчы блог увайшоў у Топ-10 найлепшых сайтаў байнэта!  Змагаемся за перамогу - падтрымай ваўкоў голасам!