У канцы мінулага года мы, грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны», пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія) пазначыла GPS-ашыйнікамі двух ваўкоў на Палессі. Імя для аднаго з шэрых герояў праекта выбіралі ўсёй краінай. Але імя ён так і не атрымаў: ваўка застрэлілі за 2 дні да падвядзення вынікаў галасавання.

 

Цяпер у праекце засталася адна маладая ваўчыца. Падчас выступу на канферэнцыі TEDx Minsk 2019 супрацоўніца АПБ Ірына Кашпей папрасіла ўдзельнікаў мерапрыемства прапанаваць імёны для шэрай лясной суседкі. Так былі сабраныя 62 разнастайныя прапановы! Прагаласаваць за найлепшы варыянт можна было на старонцы нашага праекта. АПБ атрымала 278 адказаў. Ваўчыцу прапаноўвалі назваць Тэдзінай, Воляй і нават – Андрэем. Але ўсё ж такі большасць галасоў была за Лу́ну, на другім месцы апынулася Паўліна, а на трэцім – Уршуля (у гонар кафэ, размешчанага ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы).

 

Што мы ведаем пра Лу́ну?

 

1.     Ваўчыца яшчэ зусім маладая. У канцы вясны ёй споўніцца год. Праз круглагадовае паляванне на ваўка, у Беларусі ў шэрых суседзяў працягласць жыцця невялікая: у сярэднім каля чатырох гадоў.

2.     Лу́на жыве ў зграі, у якой, як мяркуецца, 4-6 ваўкоў. Хутчэй за ўсё, гэта сям'я: яе бацькі, браты і сёстры.

3.  Плошча тэрыторыі зграі 600 км²! Гэта амаль удвая больш за плошчу Мінска. Звязана гэта з нізкай шчыльнасцю здабычы. Ваўкам даводзіцца накручваць велізарныя колы, каб знайсці след лася.

4.     Сям'я палескай ваўчыцы мае «падвойнае грамадзянства»: беларускае і ўкраінскае. У Беларусі ваўчыца ў бяспецы, таму што не пакідае памежнай паласы, дзе паляванне забароненае. З боку Украіны такіх абмежаванняў на паляванне няма.

5.     Што робіць Лу́на з сям'ёй ва Украіне? Там у іх своеасаблівы стол: жывяцца нашыя ваўкі на сметніку.

6.   Ваўкі сілкуюцца на сметніку? Яны ж драпежнікі! Так, але колькасць капытных жывёл – улюбёнага ласунку ваўкоў – на Альманскіх балотах вельмі нізкая.

7.     Лу́на як маладая ваўчыца любіць гуляць: напрыклад, з гідраўлічным шлангам. Пра гэта АПБ даведалася ў адной з экспедыцый, удзельнікі якой ішлі па слядах ваўчыцы.

 

 

Сачыце за жыццём Лу́ны і навуковымі даследаваннямі праекта на сайце і на старонках праекта ў сацыяльных сетках у Facebook, Instagram і Укантакце