Воўк Міхась, якога назіральнікі зусім не дарма адразу назвалі вандроўцам, працягвае нас здзіўляць. Нагадаем, што ў канцы мінулага года Міхась, павандраваўшы па поўні Беларусі, раптоўна перабег ва Украіну. Як высветлілі нашыя назіральнікі, ваўка прывабіла мясцовая звалка, якая на пэўны час зрабілася для яго месцам харчавання.
Так Міхась і блукаў уздоўж беларуска-украінскай мяжы, то з аднаго боку, то з  іншага. Аднак адруз пасля новага года сітуацыя рэзка перамянілася: Міхась, знаходзячыся на тэрыторыі Украіны, раптоўна рушыў на поўдзень. Літаральна за пару дзён, Міхась дабраўся ажно да Ковеля, а пасля працягнуў свой шлях - сумарна такі маршрут складае болей за 400 кіламетраў, калі адлічваць ад беларускай мяжы. Але і тым воўк не абмежаваўся, і ўжо 4 студзеня GPS-навігатар паказаў, што наш Міхась накіраваўся... у Польшчу.
Зараз воўк вандруе па польскіх лясах, перыядычна зазіраючы ў вёскі. Ці вернецца ён у Беларусь? Магчыма, але зараз наш шэры вандроўца досыць далёка ад Радзімы. 
Дарэчы, Польшча прывабіла не толькі Міхася. Іншы воўк, за якім мы вядзем назіранні — Руды— ужо двойчы на кароткі тэрмін наведваў суседнюю краіну.