Ваўкі часта выкарыстоўваюць незвычайныя прадметы: пластыкавыя або шкляныя бутэлькі, бляшанкі, гумовы або скураны абутак, косці, рогі і інш. Яны іх носяць, грызуць, гуляюцца з імі, паказваюць іншаму ваўку і г.д. У маёй даследчай практыцы я адзначаў такія паводзіны ваўкоў неаднаразова і паступова пачаў разумець, чаму ваўкі выкарыстоўваюць гэтыя, на першы погляд, дзіўныя прадметы. Я магу ў чымсьці памыляцца, але ў любым разе хачу падзяліцца сваімі назіраннямі і фотаздымкамі.

 

Гэтыя дзіўныя прадметы выкарыстоўваюцца ўсімі трыма катэгорыямі ваўкоў: дарослымі асобінамі, напаўдарослымі ваўкамі і ваўчанятамі. Дарослыя ваўкі ўжываюць іх, верагодна, з мэтай дамінавання над іншымі асобінамі з больш-менш падобным статусам у зграі. Напрыклад, такія паводзіны можна назіраць у падпарадкаваных ваўкоў. Гэта азначае, што калі ў аднаго ваўка ёсць такая рэч, а ў другога - няма, уладальнік рэчы больш значны, чым іншы. Дарослыя ваўкі карыстаюцца гэтымі прадметамі для пазначэння сваёй тэрыторыі: кладуць іх на бачнае месца ўздоўж магчымага маршруту іншых ваўкоў і мочацца на ​​іх. Гэта аналагічна таму, як ваўкі драпаюць, знакуючы мейсца, дзе-небудзь на разгалінаваннях дарог, таксама адзначаючы сваю тэрыторыю з дапамогай візуальных і водарных знаковак.

 

Акрамя таго, ваўкі выкарыстоўваюць такія незвычайныя прадметы для грумінгу (комплекс адпачывальна-забаўляльных паводзін), напрыклад, пасля ўдалага палявання і сытнай ежы.

 

Бацькі-ваўкі прыносяць гэтыя дзіўныя прадметы ваўчанятам для гульні, каб тыя вырасталі моцнымі і спрытнымі, чаму спрыяюць спробы выхапіць цацку адно ў аднаго. Такая цацка інспіруе спаборніцтва і заахвочвае да гульні.

Напаўдарослыя ваўкі выкарыстоўваюць такія прадметы, калі застаюцца адны без бацькоў, якія сышлі нараджаць і гадаваць наступных шчанюкоў. Цацкі дапамагаюць ім усталяваць іерархію, а таксама трохі пацешыцца.

 

Цікава, што падобныя паводзіны характэрныя для сабак.

 

Вадзім Сідаровіч, sidorovich.blog

Пераклад з ангельскай Алены Раманоўскай