Напачатку сакавіка мы ўжо звярталі ўвагу СМІ на тое, што да шырокага кола чытачоў даносіцца інфармацыя, якая не адпавядае рэальнасці. Сярод яскравых прыкладаў – рэпартаж пра ваўкоў у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, якія “напалі на вёску”. Мы нават зрабілі выкрывальны матэрыял: атрымалася з’ездзіць на месца і пагутарыць з жыхарамі, якія пра ваўкоў, безумоўна, чулі, але дакладна ад іх не пакутуюць.

Але і гэта не спыніла журналістаў: яны працягваюць перадрукоўку матэрыялаў без праверкі фактаў. Так бяздоказная інфармацыя пачынае шырыцца, уводзіць людзей у зман. На мінулым тыдні два медыярэсурсы надрукавалі (а потым пасля нашай просьбы прыбралі) інфармацыю пра драпежнікаў, якія пужаюць людзей на Брэстчыне.

 

Тыражуюцца без уважлівай праверкі навіны амаль адзінадцацігадовай (!) даўнасці: той жа мясцовы партал перадрукаваў навіну пра драпежніка, які пад Ляхавічамі “знішчыў усіх трусоў і гусей на вёсцы”. Арыгінал навіны быў надрукаваны 4 верасня 2007 года.

Безумоўна, ёсць ньюсмэйкеры, якім выгадна маляваць імідж драпежніка менавіта такім. Напрыклад, гэта паляўнічыя, якія зацікаўленыя ў магчымасці паляваць на ваўка і нават больш – атрымліваць за гэта грошы ад дзяржавы. А вось СМІ, якія не праводзяць факт-чэкінг, не аналізуюць свае крыніцы інфармацыі, трапляюць у такія непрыемныя сітуацыі з фэйкавымі навінамі.

Сёння “воўчая” тэматыка для СМІ лічыцца гарачай, збірае шмат праглядаў, таму зноў звяртаемся да журналістаў: калі ласка, правярайце інфармацыю, якую друкуеце. Дзікая прырода – гэта тое, да чаго людзі ставяцца з асцярогай, а СМІ могуць ці абвяргаць, ці ўзмацняць гэтыя стэрэатыпы. Беларуcкі воўк і так “аброс” міфамі, якія трэба развеяць. Пра іх мы хутка раскажам.