Мы згубілі Рудога з радараў летам 2018 года. Амаль за паўгады да гэтага ён лёгка пераадолеў беларуска-польскую мяжу і накіраваўся на поўнач, у бок Любліна. Потым, як паказаў GPS-перадатчык, ён рэзка змяніў траекторыю і рушыў на поўдзень, пасля чаго затрымаўся пад Варшаваю. Што ён там рабіў? 

Напэўна, працяглыя вандроўкі стамілі Рудога – і тады ён знайшоў сабе сям’ю, да якой і прыяднаўся на некаторы час. Разам са зграяй з-пад Варшавы, за 160 кіламетраў ад роднай Белавежскай пушчы, наш герой правёў, як мінімум, лета 2018 года. У тым часе мы яго і пакінулі – ашыйнік адшчапіўся, і скончыліся нашы анлайн-вандроўкі па слядах Рудога. Думалі, што назусім, але выйшла інакш.

Аднойчы на сувязь з намі выйшлі польскія калегі. Яны паведамілі, што трапілі на след Рудога. Ваўка пазналі па генетычным матэрыяле. Атрымалася, што наш руды воўк пайшоў яшчэ далей на захад і ў канцы 2019 года спыніўся непадалёк ад Быдгошча, за 420 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. У яго ўсё добра і з’явілася ўласная сям’я!

На жаль, астатнія ваўкі, што пакінулі межы Белавежскай пушчы, былі забітыя. Як і некаторыя з тых, што засталіся ў пушчы.