Ашыйнікі з GPS-датчыкамі ўжо аўтаматычна адпалі ў Алеся, Міколы, Рудога і Завеі. А вось за Міхасём, які збег ва Украіну, вырашылі яшчэ пасачыць, і для гэтага перапраграмавалі ашыйнік, каб ён пакуль не адшчоўкнуўся.

 

Але ў верасні жыццё ваўка абарвалася – яго застрэлілі. 

Спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Мікалай Чэркас расказаў: “Мы хацелі працягнуць сачэнне за Міхасём, каб пабачыць, застанецца ён на гэтай тэрыторыі ці мігруе, як будзе дзейнічаць яго зграя. Шкада, што так раптоўна нашае сачэнне скончылася”. 

 

У пачатку верасня нашы спецыялісты пабывалі ва Украіне і агледзелі мясціны, дзе Міхась прыбіўся да зграі. Мы даведаліся што Міхась знайшоў сабе самку, у іх з’явіліся чацвёра ваўчанят (генетычны аналіз пакажа, крэўныя яны Міхасю ці забітаму раней ваўку з той зграі, да якой належала самка).

  

Напэўна, нават нядоўгае сямейнае жыццё паспрыяла таму, што Міхась раздабрэў: калі яго забілі, ён важыў 50 кг, у той час як пры адлове ў Белавежскай пушчы менш за год таму яго вага была толькі 39 кг. 

Міхась жыў з сям’ёй у невялікім ляску, адпачывалі яны ў сланечнікавым полі. Калі сланечнікі прыбралі, ваўкам ужо асабліва не было дзе хавацца. 

У сярэдзіне верасня Міхася і аднаго з ваўчанят застрэлілі. Ваўчыха з трыма ваўчанятамі засталіся жыць.

Адметнасцю Міхася было тое, што ён трымаўся спецыфічнай дыеты: любіў фрукты, ягады і мышэй, а буйныя жывёлы ў яго рацыёне сустракаліся не так часта. Тым не менш, яго палічылі канкурэнтам паляўнічых: маўляў, ён вынішчыць у лесе казуль і ім не пакіне. Таму ў лясной гаспадарцы вырашылі ад ваўка пазбавіцца, хоць даследаванні вучоных кажуць, што наяўнасць воўчай зграі не скарачае папуляцыю капытных на гэтай тэрыторыі, а толькі запавольвае яе рост.

 

Мы ведаем, што многія сачылі за падарожжам Міхася і спачуваем такому прыкраму фіналу. Міхась падзяліў лёс тысяч ваўкоў, якіх забіваюць на тэрыторыі і Украіны, і Беларусі, але пакінуў унёсак у навуку і памяць пра свае прыгоды.

Фота Элені Вендрас