Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» – найбуйнейшая прыродаахоўная арганізацыя Беларусі, якая ўжо тры гады вывучае беларускіх ваўкоў пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія). За рухам даследавання можна сачыць у нашым «Воўчым блогу». Нагадаем, сайт нядаўна атрымаў другое месца сярод самых карысных сайтаў байнэту.

У мінулым сезоне наведвальнікі «Воўчага блога» назіралі за жыццём і звычкамі пяці драпежнікаў. Ад GPS-ашыйнікаў, надзетых на ваўкоў, даследчыкі атрымліваюць сігналы пра месцы знаходжання герояў праекта і наносяць кропкі з іх каардынатамі на інтэрактыўную карту. Кожны, хто хоча дакрануцца да свету дзікай прыроды, можа не толькі адсочваць перамяшчэнні ваўкоў, але і даведвацца пра самыя цікавыя і незвычайныя гісторыі з іх жыцця. Напрыклад, у мінулым сезоне некаторыя ваўкі мігравалі ва Украіну і Польшчу, стварылі там сем'і.  

Каардынатар праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства Віктар Фянчук: «Мы радыя магчымасці пашырыць праграму пазначэння ваўкоў у Беларусі і ўключыць у яе тэрыторыі з Прыпяцкага Палесся – аднаго з найбольш дзікіх куткоў нашай краіны. Гэтая праца важная для разумення месца ваўка ў жыцці дзікай прыроды на Альманскіх балотах. Дзякуючы ёй можна выпрацоўваць збалансаваныя падыходы да аховы і кіравання гэтай унікальнай тэрыторыяй».

Сёлета плануецца «падключыць» да праекта яшчэ пяць ваўкоў – трох з Прыпяцкага Палесся і двух з Белавежскай пушчы. Атрыманыя падчас даследаванняў звесткі не толькі дапамогуць чалавеку зразумець прыроду ваўка, вывучыць звычкі і ўсвядоміць яго месца ў экасістэме, але і пазбавіцца стэрэатыпных поглядаў да шэрага ляснога суседа.