Як кажуць спецыялісты, у беларускіх ваўкоў рэдка атрымліваюцца вялікія сем'і. Убачыць кампанію з сямі ваўкоў — гэта вялікая ўдача. Часцей за ўсё там, дзе стаяць фотапасткі і відэарэкордэры АПБ і партнёрскіх арганізацый, рэгіструюць 2-3 ваўкі запар. 

Увага! Ты не памыліўся і не развучыўся лічыць. На відэа сапраўды шэсць ваўкоў, але яшчэ адзін ёсць на фатаграфіі, якую апаратура зрабіла перш чым пераключыцца ў відэарэжым. 

 

Што мы ведаем пра зграю на відэа?

Па словах Віктара Фянчука, каардынатара Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы ад АПБ і Франкфурцкага заалагічнага таварыства, тое, што была зафіксавана такая вялікая зграя, яшчэ не гаворыць аб тым, што ваўка сталі менш знішчаць:

“Вялікія ваўчыныя сем’і трапляюцца рэдка. Часцей на нашых фотапастках мы бачым групы з 2-3 ваўкоў. Узровень іх пераследу ў Беларусі надзвычай высокі і ўзмацняецца з кожным годам. У планах груповак паляўнічых знішчаць ваўка ўшчэнт —  гэта пацвярджаюць нашы апытанні. 

На тэрыторыі Палесся сем’ям не даюць развіцца яшчэ і надзвычай цяжкія прыродныя абставіны, такія як багністая мясцовасць і недахоп здабычы. Другое таксама звязана з дзейнасцю чалавека — на Палессі квітнее браканьерства, праз гэта шчыльнасць лася моцна ўпала”. 

Спадзяемся, што звяры добра навучыліся блытаць сляды і не трапляць у рукі паляўнічых, як гэта адбылося непадалёк ад месца, дзе ўсталяваная фотапастка, з нашым старым знаёмым ваўком Васем. 

Мы працягнем сачыць за ваўкамі — і цяпер не толькі пушчанскімі: мы плануем злавіць некалькі асобін, якія жывуць на Палессі. Не хвалюйся, мы зробім гэта толькі для таго, каб пазначыць іх аброжкамі з GPS.

Тэкст: Аліна Ляпешкіна

Фота і відэа з апаратуры праекта