Нішто не прадракала бяды — звычайны пушчанскі дзень плаўна перацякаў у вечар. Аднак не для даследчыкаў пушчы, якія няспынна правяралі межы балота Глыбокага, якое атрымала сваю назву, а мы нават не здагадваемся за што.

І тым разам чуйка не падвяла. Даследчыкі знайшлі яшчэ свежыя парэшткі. Пацярпелая — дарослая самка аленя. Вядома, па такіх прыкметах вельмі цяжка вызначыць асобу, бо каго-каго, а аленяў у пушчы хапае. Аднак нашыя даследчыкі амаль адразу напалі на след.

 

Паводле нашых дадзеных, за з'ядзенне аленя адказвае пушчанская ваўчыха, вядомая пад мянушкай Завея. Асаблівыя прыкметы — досыць вялікая, вельмі сімпатычная і схільная да прыгожага жыцця. Найчасцей працуе з саўдзельнікамі, вядомымі як "зграя Завеі". Намі таксама знойдзена відэа "Зграі Завеі" — калі ты ўбачыш яе, можаш радавацца: гэта рэдкая ўдача — сустрэць ваўка. 

Фота — Аляксандр Пекач