Што мы ведаем пра ваўка, якога застрэлілі?

1. Застрэлены воўк быў самцом-адзінцом. Яму было 3 гады. Да гэтага ўзросту ваўкі часта пакідаюць зграю, каб выбудаваць сваё жыццё, таму мы не ведаем, ці сышоў ён са сваіх родных мясцін у пошуках лепшай долі, ці стаў адзіным, хто выжыў пасля палявання (пра тое, як склаўся лёс пазначаных ваўкоў, якія сышлі з Белавежскай пушчы, можна паглядзець на сайце праекта vouk.by). Мы ведаем, што ў тым месцы, дзе ён жыў, колькасць ваўкоў была вельмі нізкай, і ён не ўваходзіў у зграю.

2. Месяц назад быў абвешчаны конкурс на выбар імя для палескага ваўка. Імя яму выбіралі ўсёй краінай: АПБ атрымала 660 заявак! Канчатковы выбар імя быў прызначаны на 10 лютага. Вучоныя ж далі яму палявое імя Вася.

3. Ваўку аднаму вельмі складана паляваць зімой, таму харчаваўся ён падлаю. Даследчыкі знайшлі трох ласёў, на якіх карміўся гэты воўк. Адзін з ласёў быў забіты людзьмі, адзін, верагодна, быў збіты машынай і яшчэ адзін здабыты іншымі ваўкамі. Застрэлены воўк таксама з’еў бадзяжнага сабаку ў наваколлі адной з вёсак. Але ў населеныя пункты ён ніколі не заходзіў і вясковых сабак не чапаў.

4. Забілі ваўка ўначы 5 лютага. Адбылося гэта на полі ў наваколлі вёскі Букча Лельчыцкага раёна. Уначы 5 лютага паляўнічым паступіў званок ад мясцовых жыхароў з паведамленнем аб з’яўленні ваўка ў наваколлі вёскі. Па трэку перамяшчэння ваўка вучоныя ведаюць, што гэта быў першы «выхад» дадзенай асобіны да гэтай вёскі.

Каардынатар праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства Віктар Фянчук:

«Па статыстыцы ў Беларусі штогод здабываецца амаль дзве тысячы ваўкоў пры такой жа ацэнцы іх колькасці ў краіне. Таму не дзіўна, што ўсе пазначаныя намі ваўкі, якія выходзілі за межы запаведных тэрыторый, былі застрэлены. Ваўкі жывуць сем’ямі, як і людзі. Але з-за паўсюднага пераследу, які цяпер вядзецца, сямейныя сувязі ваўкоў разбіваюцца, а адзінкі, што выжылі, вымушаны арганізоўваць сваё жыццё наноў. Таму папуляцыя ваўкоў у Беларусі знаходзіцца ў стане пастаяннага стрэсу. Мы хочам, каб адносіны да ваўка змяніліся, і выступаем за навукова абгрунтаваны падыход да кіравання папуляцыяй ваўкоў у Беларусі».

Вывучэнне ваўкоў грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» праводзіць у рамках «Прыродаахоўнага праекта для Палесся» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства.