Амаль год ваўкі насілі іх, перадаючы каардынаты свайго перамяшчэння. І вось надышоў час з імі развітацца - нашыйнікі аўтаматычна адшпіліў. Раён пошуку ахапіў як Белавежскую пушчу, так і Рэспубліку Польшча. Менавіта туды на сталае месца жыхарства сышоў адзін воўк. Таму, каб забраць аброжак прыйшлося падрыхтаваць адмысловую экспедыцыю.

Сам прынцып пошуку вельмі цікавы. У запраграмаваны час аброжак аўтаматычна адшпільваецца. І калі ён знаходзіцца ў зоне пакрыцця, то падчас чарговага сеансу сувязі высылаюцца каардынаты яго знаходжання. Калі ж аброжак адшпіліўся па-за зонай сотавай сувязі, то ў запраграмаваны час падаецца радыёсігнал, па якім спецыялісты пеленгуюць яго знаходжанне.

Пошук аброжкаў, якія адпалі па-за межамі пушчы, быў нескладаны, бо яны знаходзіліся ў зоне ўстойлівай сотавай сувязі. А вось з ашыйнікам, які адшпіліўся ў забалочаных месцах каля балота Дзікага, здарыліся сапраўдныя прыгоды. Ён адпаў ў зоне няўстойлівай сотавай сувязі.

Плошчу пражывання зграі, у якой жыла ўладальніца «караляў» -ваўчыха Завея, складае каля 300 кв. км. Супрацоўнікі, якія займаюцца назіраннем за ваўкамі, метадычна прачэсвалі тэрыторыю, імкнучыся запеленгаваць радыёсігнал. Але ўсё марна.

 

Нечакана ў адзін з дзён аброжак апынуўся ў зоне сотавай сувязі, і ў навукоўцаў з'явіліся каардынаты раёна абследавання. У гэты ж дзень яны знайшлі аброжак. Але як жа яны здзівіліся, калі ўбачылі, што аброжак моцна пагрызены! Разабрацца ў гэтым дапамог чып у ашыйніку, у якім запісаныя ўсе перамяшчэнні ваўчыхі. Як высветлілася, пасля адшпільвання ашыйніка, з ім пачалі гуляць ваўчаняты і перанеслі яго ў зону ўстойлівага прыёму сотавай сувязі. Такім чынам, ваўчаняты дапамаглі даследчыкам знайсці зніклы аброжак.

Сачэнне за ваўкамі - частка прыродаахоўнага праекта ў падтрымку запаведнасці Белавежскай пушчы, які ажыццяўляецца грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчына” разам з нацпаркам пры падтрымцы Фракфурцкага заалагічнага таварыства.

Мікалай Чэркас, супрацоўнік АПБ па прыродаахоўных пытаннях