Усім прывітанне! Нагадаю: я – Завея, адзіная дама з тых ваўкоў, за якімі назіраюць вучоныя. Кажуць, я цалкам пацвярджаю сваё імя: непаслухмяная была ў дзяцінстве, да і дасюль засталася вяртлявая і непакорлівая. “Бацька” нашай ватагі часам зубамі скрыгоча з-за мяне. Але што рабіць, калі хочацца часам прагуляцца адной ці не пагадзіцца з яго меркаваннем?

Звычайна мы са зграяй трымаемся прыкладна адной і той жа тэрыторыі – пушчанскай багны. Аблюбавалі і не сыходзім далёка. Хочаш глянуць? Вось люблю я, быццам бы пава на хвалях, хадзіць ля балота Арлова, дзе пачынаецца невялічкая рачушка Альхоўка. Тут жа побач усім вядомае балота Дзікое. Чуў пра такое?

Калі я адрываюся ад ватагі, хутчэй за ўсё мяне можна знайсці менавіта тут – на невялічкім балотным востраве. Думаю, што і даследчыкі гэта бачаць па тых сігналах, якія перадае мой ашыйнік.

Пры гэтым ведаю дакладна: у "камандзе" зручней выжываць і паляваць.

 

Вось гэты кавалак бярозавага лесу – месца, дзе мы, бывае, ямо. Схопім якога маладога аленя – абед гатовы. Рэшткі пакідаем тут жа. Прыбіраць за сабою “са стала” не трэба.

 

Нягледзячы на тое, што завуць мяне па-зімнему, я вясны чакаю вельмі. Любімыя бярэзнікі “заквітнеюць” завушніцамі, а з купіны на купіну будзе пераскокваць прыемней – усё ж не па снезе, а па траўцы.

Вось тут мы любім прылегчы.

 

Было цікава? Падзяліся гэтай спасылкай са сваімі сябрамі.