Жыву і назіраю, назіраю і ганаруся. Сваёй маці. А яшчэ – вучуся ў яе кіраваць зграяй ваўкоў. Лаўлю яе моц. Спадзяюся, што стану такой жа. Хуткай, незалежнай, месцамі дзёрзкай.

Стаць сапраўды самастойнай можна, калі сысці з роднай зграі і… аб’яднацца ў пару з іншым моцным ваўком. Разам у нас ёсць шанец стаць, як любяць казаць вучоныя, альфа-парай. Вакол сябе тады атрымаецца згуртаваць зграю – з тых жа ваўчанят і, можа, прышлых якіх ваўкоў.

Альфа-пара – самая галоўная пара ваўкоў у зграі. Менавіта яна і камандуе парадам. Мае бацькі такія.

Дарэчы, зірні, дзе мы ходзім. Тут зусім некранутая Белавежская пушча.

 

Даведка

Па некаторых дадзеных, альфа-парай становяцца ваўкі, якія маюць непакорлівы і моцны характар, і тут нават памер драпежніка не ўсё вырашае. Менавіта такія “характарныя” ваўкі вакол сябе могуць згуртоўваць астатніх і карыстаюцца пэўным аўтарытэтам.

Аднак, ці датычыцца гэта белавежскіх ваўкоў, сказаць цяжка. Вучоныя з Белавежскай пушчы кажуць, што каб рабіць такія высновы, трэба дзесяцігодзямі назіраць за шэрымі. І ўвага! Драпежнікі павінны жыць максімальна далёка ад населенных пунктаў, па-за межамі тэрыторый, на якіх дазваляецца паляванне, – адным словам, быть не палоханымі чалавекам. Таму сказаць дакладна, якія канкрэтна ваўкі (ці звязана гэта з іх характарам, памерам і г.д.) становяцца галоўнымі ваўкамі ў зграі, немагчыма на прыкладзе тых драпежнікаў, за якімі мы назіраем.