Памятаеш, як я цябе здзівіла, што ўлетку мы жывем на балотах? Дык я дадам: гэтай парой мы тут бавім нават больш часу, чым узімку: і палюем тут, і адпачываем.

 

Зімою мы збягалі адпачыць у глухія куткі лесу, а паляваць стараліся збольшага ўночы, каб самім не быць упаляванымі чалавекам.

Цяпер жа на нашым балоце Дзікім (і гэта сапраўды самая дзікая тэрыторыя Белавежскай пушчы!) нам раздолле: мы адсюль нават не адыходзім, а палюем у асноўным удзень.

Балота вабіць: спёка гоніць сюды многіх звяроў, а людзей тутака цяпер зусім няма. Нам лёгка ўпаляваць тут аленя ці лася, маладое цяля казулі ці аленя.

Тут свежа і спакойна, не трэба нікуды сыходзіць, каб адпачыць пасля смачнага абеду ці абыходу тэрыторыі.

 

Ці ўмееш ты выбіраць месца для адпачынку? Я навучу. Прыгледзь сабе вялікую купіну, каб была добра бачная ўся тэрыторыя, і кладзіся там. Калі на балота выйдзе алень ці лось, ты яго адразу ўбачыш.

Вядома, купіны могуць быць не толькі ложкам, але і сервіраваным сталом: самы правільны абрус – гэта балотная трава. Вось на такой купіне мы частаваліся маленькай казуляй.

 

Што ні кажы, а мы, ваўкі, знаемся ў прыгажосці!

 

Хочаш, каб пра балотнае жыццё нашай зграі пачыталі твае сябры? Падзяліся з імі гэтай нататкай!

 

 

Воўчы блог увайшоў у Топ-10 найлепшых сайтаў байнэта!  Змагаемся за перамогу - падтрымай ваўкоў голасам!