Паводле заканадаўства, у Белавежскай пушчы ў ваўкоў і іншых жывёлаў ёсць «бяспечная прастора». Гэта – запаведная зона, у якой паляванне забаронена ўвогуле. Але насамрэч не ўсё так ідэальна. У Белавежскай пушчы ніводная ваўчыная зграя цалкам не размешчаная ў запаведнай зоне. Таму пушчанскія ваўкі пастаянна знаходзяцца ў зоне рызыкі.

Нацыянальны парк «Белавежская пушча» быў створаны для захавання гэтага ўнікальнага прыроднага комплекса ў натуральным стане. Што ж адбываецца, калі чалавек умешваецца і адстрэльвае ваўкоў у пушчы?

Падчас адстрэлу забіваюцца не абавязкова слабыя ваўкі, могуць трапляць пад кулю і важакі зграяў. У выніку зграі фарміруюцца з цяжкасцю, яны слабыя, у зграях усяго па 5-7 ваўкоў. Ваўкоў-адзіночак робіцца больш. Менавіта ваўкі-адзіночкі, а не зграйныя, схільныя трымацца бліжэй да дарог і людскіх паселішчаў.

Папуляцыя ваўкоў змяншаецца, зграі без мацёрых важакоў палююць неэфектыўна, на тэрыторыю прыходзяць ваўкі з наваколля. Парушаецца збалансаванасць паміж драпежнымі і капытнымі жывёламі. А пакутуе ад гэтага ў выніку лес – высокая шчыльнасць капытных вядзе да таго, што алені амаль цалкам пад’ядаюць маладыя дрэўцы – будучы лес.

Юлія Касцюкевіч, якая, як і многія іншыя, звярталася да кіраўніцва нацпарку ў лістападзе мінулага года з просьбай захаваць мараторый, кажа: «Я ўжо больш за 5 гадоў штогод прыязджаю ў Белавежскую пушчу з замежнымі экатурыстамі, якія наведваюць нас, каб назіраць за птушкамі і жывёламі ў іх натуральным асяроддзі. І я дакладна ведаю, што магчымасць сустрэць жывёлу ў дзікай прыродзе павышаецца, калі на яе не вядзецца паляванне. У мінулым годзе турысты сустрэлі ваўка на Дзікім Нікары. Сказаць што яны былі шчаслівыя і ўражаныя, мала: некаторыя ўпершыню сустрэлі ваўка вось так. Вядома, яны дзяліліся фатаздымкамі і відэа з сябрамі, пакідалі станоўчыя водгукі аб Белавежскай пушчы і Беларусі. Сябры гэтых людзей, пачуўшы водгукі, таксама могуць прыехаць да нас і пакінуць тут добрыя грошы толькі за тое, што яны ўбачаць".

"Белавежская пушча павінна быць месцам нашай краіны, дзе звер адчувае сябе свабодна, стварае зграі і захоўвае баланс прыроды, - працягвае Юлія. — Калі зноў дазволіць паляванне на ваўкоў, яны будуць больш асцярожнымі, іх колькасць зменшыцца і іх будзе больш складана сустрэць – на гэтым экатурызм толькі прайграе.  Я лічу Белавежскую пушчу сваеасаблівай візітоўкай нашай краіны для замежных экатурыстаў. Паляванне прыносіць толькі боль жывёлам і шкоду прыродзе. Калі паляванне дазваляецца толькі па грашовых прычынах, яно таго не варта. Экатурызм можа прыносіць нашмат болей без шкоды. Шчыра спадзяюся, што дырэкцыя нацпарку адумаецца і працягне забарону палявання на ваўкоў. Гэта будзе не толькі гуманнае, але і выгаднае рашэнне.»

Экатурысты ў Белавежскай пушчы. Фота з архіву Юліі КасцюкевічЭкатурысты ў Белавежскай пушчы. Фота з архіву Юліі Касцюкевіч

Бары Купер, гід з Вялікабрытаніі, які ўжо шмат гадоў запар прызджае ў Беларусь з групамі турыстаў, каб паглядзець на жыццё нашай дзікай прыроды, з прыкрасцю даведаўся пра тое, што ў пушчы скасаваны мараторый на адстрэл ваўкоў. Воўк і рысь – тыя звяры, якіх брытанскія турысты хочуць пабачыць найбольш, хаця ўдаецца гэта далёка не заўсёды. Тым не менш, ужо за сам шанец яны гатовыя плаціць і прыязджаць да нас.

Бары КуперБары Купер«3  траўня 2012 года  — дзень, які запомніўся мне і маёй турыстычнай групе назаўсёды. Пасярод дня, калі мы ехалі праз Белавежскую пушчу, насустрач нашаму мінібусу выйшаў воўк. Мы спыніліся, і воўк хутка знік у лесе, але гэтых некалькі секунд хапіла, каб уся група на ўсё жыццё запомніла яе першую сустрэчу з ваўком.» Бары Купер заўважае, што ў іншых краінах прасцей пабачыць ваўка, але яму хацелася б вазіць турыстаў менавіта да нас, у Беларусь. «Ваўкі маюць вялікае значэнне для экатурызму, — кажа Бары. — Калі б назіранні за ваўкамі былі рэгулярнымі для замежных наведнікаў пушчы, то іх дакладна прыязджала б нашмат болей

Тым часам нагадаем, што ў Беларусі шэраг месцаў, дзе ваўкоў на сёння не палююць, скараціўся да ўсяго толькі аднаго Бярэзінскага запаведніка. Пераслед ваўкоў пачаўся у Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку яшчэ ў мінулым годзе. А ў Налібоцкай пушчы НПЦ па біярэсурсах нядаўна быў узгоднены адстрэл больш за 10 ваўкоў.

На думку Бары Купера, ахова ваўкоў жыццёва важная для развіцця экатурызму і захавання біяразнастайнасці. Колькасць замежнікаў, што цікавяцца назіраннямі за дзікай прыродай, хутка расце, яны шукаюць новых цудоўных уражанняў. І адно з самых жаданых уражанняў — пабачыць у жывой прыродзе ваўка.

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі зазначае: «Безумоўна,мы не падтрымліваем тое, што ў Белавежсай пушчы пачаўся пераслед воўка. Таму мы будзем працаваць разам з паркам, каб у нейкай форме мараторый усё ж аднавіў дзеянне. Гэтаксама важна, каб кіраванне ваўком было больш устойлівым і на нацыянальным узроўні, каб гэта было сістэмна, каб і на іншых буйных прыродаахоўных тэрыторыях воўк займаў належнае яму месца і турысты мелі шанцы яго ўбачыць

Калі ты хочаш звярнуцца да кіраўніцтва Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» з просьбай спыніць адстрэл ваўкоў, напішы электронны зварот або дашлі ліст на адрас: ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча», Генеральнаму дырэктару Бураму А.В., 225063, Рэспубліка Беларусь, Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён, аг. Каменюкі.

Ptushki.org