—У грамадскім уяўленні воўк — гэта звычайная лясная жывёла, што праўда, небяспечная. Навошта патрэбнае падрабязнае вывучэнне ваўка?

— Насамрэч, ваўкі дастаткова добра вывучаныя. Да таго ж вельмі грунтоўныя навуковыя даследаванні вядуцца ў Беларусі, напрыклад, прафесарам Сідаровічам. Наша праграма па даследаванні ваўкоў у Белавежскай пушчы з’яўляецца больш дэманстрацыйнай, і акрамя навуковай задачы мае таксама і папулярызацыйную. Стаўленне да ваўка сапраўды неадназначнае і часцей за ўсё — негатыўнае, хаця прычын для гэтага мала. І для таго, каб гэтае стаўленне змянілася, трэба паказаць  значнасць і бяспечнасць ваўкоў для людзей.

— То бок “страшнасць” ваўка гэта не болей, чым стэрэатып?

— Воўк у цэлым бяспечная жывёла, гэта можа пацвердзіць статыстыка, бо выпадкаў нападу ваўкоў на людзей за апошнія дзесяцігоддзі вельмі мала. Калі паглядзець на статыстыку па сабаках і іншых хатніх жывёлах, то ваўкі ім у плане нападаў значна саступаюць. Нават паляўнічыя выпадкова забіваюць іншых паляўнічых часцей, чым ваўкі кусаюць людзей. Ёсць ячшэ стэрэатып, што ваўкі разносяць хваробы, пры гэтым хворых на шал сабак ці ліс нашмат болей. У тым і палягае мэта нашага даследвання і стварэння сайта vouk.by — у папулярнай форме патлумачыць важнасць ваўка для экасістэмы, і што ваўкі не з’яўляюцца небяспекай. Мы даносім і тое, што ўжо вядома з іншых даследванняў, і новую інфармацыю, у тым ліку  тым, хто прымае рашэнні па ваўках.

Рэч у тым, што зараз воўк знаходзіцца па-за законам і церпіць ад сапраўднага пераследу. І гэты пераслед не мае падставаў. Што такое пераслед? За ім не стаіць навуковых ці рацыянальных абгрунтаванняў. Грамадская палітыка выбудавана так, што людзі кіруюцца на актыўную дзейнасць  супраць ваўкоў без усялякай падставы. І гэта толькі ўзмацняе стэрэатыпы. Для цывілізаванай краіны, якой ёсць Беларусь, такая сітуацыя недапушчальная..

— А як “воўчая” сітуацыя выглядае ў іншых краінах?

— Стаўленне да ваўка заўжы няпростае, гэтак скалася гістарычна: з ваўком  эмацыйна звязаны страх і боязь. І чым меней людзі ведаюць, тым эмацыйней не прымаюць ваўка. З іншага боку, нідзе такога заканадаўства па ваўках, як у Беларусі, няма. Нават у Прыбалтыцы, дзе воўк з’яўляецца паляўнічым відам, ёсць правілы палявання на яго. У Польшчы і іншых краінах Еўразвязу на захад ад нас, ваўкі знаходзяцца пад аховай. Нават ва Украіне шмат спосабаў палявання, якія актыўна ў нас выкарыстоўваюцца, – забаронены. Напрыклад – прылады начнога бачання, электронныя манкі, паляванне з верталётаў. Бадай што мы ўнікальныя ў сваёй вольнасці.

— Як абіралі ваўкоў для праекта?

— У нас была магчымасць меціць ваўкоў альбо GPS-ашыйнікамі, альбо звычайнымі каляровым. Апошнімі мы мецім альбо маладых, альбо зусім старых. А GPS-ашыйнікі надзяваюць на ваўкоў больш-менш актыўнага ўзросту. Праўда, сёлета ў наш праект трапіў воўк “першага году”, хоць у ваўкоў да ўзросту года вельмі высокая смяротнасць.

— Наколькі высокая?

— Ваўкі заўжды нараджаюць шмат шчанюкоў, ва ўмовах Белавежскай пушчы гэта можа быць 6-8 асобін і нават болей. Добра, калі два з іх перажывуць першы год. Для нашага даследвання важна атрымаць як мага болей інфармацыі, таму мы “працуем” з дарослымі ваўкамі, большая верагоднасць, што яны выжывуць.

— З якімі праблемамі сутыкаюцца ваўкі ў пушчы?

— Як і ўсюды, мо толькі ў Пушчы меней праблем з харчаваннем, бо шчыльнасць жывёлаў большая.. Ваўкі, якія жывуць зграямі, здабываюць ежу самі, для іх важная шчыльнасць капытных, у прыватнасці, аленяў, у якіх са шчыльнасцю таксама ўсё добра. Амаль палова пшучанскіх ваўкоў – адзіночкі, якія харчуюцца здыхлінай, пад’ядаюць за зграямі, альбо харчуюцца падранкамі - тымі жывёламі, якія былі параненыя на паляваннях і самі памерлі пазней у лесе. Воўчыя зграі ў Белавежскай пушчы таксама невялікія — калі на польскай тэрыторыі зграя — гэта 11-12 ваўкоў, то ў нас 6-8. Такім чынам, зграя не з’ядае цалкам сваю здабычу, застаюцца недаедкі, што дапамагае адзінокім ваўкам.

— Ці можаце вы назваць і адразу разбурыць асноўныя стэрэатыпы наконт ваўкоў?

—  Разрбурыць стэрэатып вельмі цяжка. Напрыклад, ёсць такое чаканне, што калі на ваўкоў не паляваць, яны размножацца і будуць з’ядаць усё, што бачаць навокал. У Пушчы вось ужо колькі год мараторый на адстрэл ваўкоў, але колькасць іх не расце. Колькасць маладых ваўкоў у зграях таксама не расце, выжывальнасць застаецца невысокай. Колькасць аленяў, дарэчы, таксама не падае. Така самая сітацыя і ў Чарнобыльскай зоне – дзе і ваўка дастаткова, і яго асноўнай здабычы – лася, гэтаксама багата. Таму не ўсё так проста, як падаецца.

— Не так даўно на Віцебшчыне было “нашэсце” ваўкоў, якое стала падзеяй, што пргарымела на ўсю краіну. Людзі ў вёсцы панікавалі і баяліся. Дык у рэшце, ці могуць чалавек і воўк існаваць як суседзі?

— Дарэчы, мы тады праводзілі сваё ўласнае расследаванне, і шмат што з напісанага ў прэсе не пацвердзілася. Але, калі казаць агульна, то тут ёсць некалькі аспектаў. Па-першае, ваўкі ля нас ёсць заўсёды, проста мы іх не заўважаем. Вазьміце любы буйны лясны масіў, дзе ваўкі жывуць. Людзі ведаюць, што ў лесе – ваўкі, і да гэтага ставяцца спакойна. Але бывае, як і ў іншых пытаннях, – хтосьці рэагуе эмацыйна, сітуацыю падхоплівае прэса, успыхвае ажыятаж.  Калі праз ажыятаж пачынаецца пераслед, адстрэл,  то зграі разбіваюцца і павялічваецца колькасць ваўкоў-адзіночак. А ваўкі-адзіночкі якраз і не могуць выжыць без чалавека і пачынаюць круціцца вакол паселішчаў. Гэта рэчы наўпрост узаемазвязаныя, і як вынік, мы маем замкнёнае кола. Рашэнне праблемы “па-простаму” і адносіны “вораг” не толькі не вырашаюць праблему, хутчэй наадварот паглыбляюць.

— Тады пытанне такое. Што рабіць пры сустрэчы з ваўком?

— Радавацца, бо гэта рэдкая з'ява. Сотні людзей едуць з-за мяжы ў Пушчу, каб убачыць ваўкоў, але шанцуе далёка не ўсім. Таму лічыце, што вам пашанцавала.