Як выявілі нашыя даследчыкі, воўк Мікола ўсё ж такі мае ўласную зграю, і ў гэтай зграі ўзніклі нечаканыя праблемы. "Воўчая брыгада" Міколы адносна невялікая: раней спецыялісты знаходзілі сляды лёжкі пяці ваўкоў, зараз жа найчасцей назіранні паказваюць, што ў зграю ўваходзіць чацвёра драпежнікаў.

Дзякуючы з'яўленню снега, мы змаглі ўбачыць сляды Міколы і ягонай зграі.

 

Па словах назіральнікаў, зграя Міколы пакутуе ад партызанскіх рэйдаў, што вядзе воўчая ватага, якая прыйшла з Польшчы. Польская зграя выцесніла нашых ваўкоў з урочышча Нікар на ўскраіну пушчы. Рэч у тым, што польская ватага заўважна большая за зграю Міколы: сітуацыя характэрная для польскай часткі пушчы. Аднак, паколькі заходнія госці прыбягаюць на тэрыторыю Беларусі на кароткі час, зараз Мікола і ягоныя "паплечнікі" вярнуліся на сваё звыклае месца, дзе ў іх назапашана ежа.