Белавежская пушча наша падзелена паміж ваўкамі. Уяві: ватага – гэта як у чалавека сям’я, а ўся наша пушча – як гарадскі шматпавярховік, але які не ўверх стаіць, а шырыцца па лесе. Кожны кавалак лесу – як кватэра, у якой жыве адна з сем’яў.

Памеры жытла звычайна немалыя – каля 250 “квадратаў”. Такую плошчу трэба пільнаваць і час ад часу абыходзіць, аглядаць, падчышчаць. А вось лезці ў чужую кватэру ў нас не прынята і нават небяспечна!

Той, хто жыве ў ватазе (чытай – не я), заўжды смела рухаецца па сваёй тэрыторыі. А мне вось даводзіцца шмыгаць акурат паміж тэрыторыямі, якія нікому не належаць. Так бывае, што хадзіць выпадае зашмат.

І сёння, дарэчы, шмыгнуў у самае сэрца пушчы – сапраўдную вясну хачу табе паказаць. Рызыкну – можа, абыдзецца?