Кажуць, у вас, людзей, красавік – месяц суботнікаў і прыборкі тэрыторыі. Справа добрая, прыбірацца на  тэрыторыі і я люблю. Хто ж яшчэ так добра падчысціць пушчу ад памерлых жывёл, як я? Падтрымліваць санітарыю – мой прыемны абавязак.

Красавік у мяне быў асабліва багаты на падлу. Я доўга сталаваўся ля парэштак таўстаскурага зубра – прывады, якую падкінулі паляўнічыя. Добра, што я не трапіўся ім на вока.

 

 

Шмат бегаў на могільнік скаціны – працы для мяне тут ой колькі! А ўсё таму, што людзі не стварылі санітарных умоў. Даводзіцца мне самому нешта рабіць. Не ведаю, ці спраўлюся адзін, але стараюся. Балазе меню тут нічогае, пад настрой можна выбраць ці малочнае цяля, ці карову з душком.

А яшчэ падчас санітарнага рэйду натрапіў на тушу самца аленя. Ці то вясна была складаная для яго, ці паляўнічыя падстрэлілі – не ведаю. Для мяне галоўнае, каб пушча была чыстая, а я сыты. Я ж цяпер на самастойнае жыццё пераходжу: мае бацькі ўжо робяць логава для новага патомства.

 

Спадабалася мая гісторыя? Падзяліся ёй з сябрамі!