Добра падсілкаваўшыся на могільніку, сышоў. На ўскрайку пушчы заўважыў сваіх – адпачывалі. Мы звычайна выбіраем такое месца, каб з яго ўсё добра праглядалася. Так адпачываць спакойней. Хочаш зірнуць? Яно можа выглядаць так.

Па вялікім рахунку, ты б і не зразумеў, што мы тут былі, пра тое, колькі нас – таксама б не здагадаўся. Мы няшмат слядоў пакідаем. Звычайна адзін за адным ідзем, след у след на лежню. Толькі калі нейкая перашкода трапляецца, можам разысціся. Тады і ланцужкі са слядоў пачынаюць “разбягацца”.

Ды і лежня для цябе нічым не будзе адметная: проста трава прымялася там, дзе мы былі.

Вось так тут прылегла мая родная зграя. Я з імі. Да змяркання нікуды не рушылі.

 Увечары пайшлі. Тут, на мяжы пушчы, у маладых хвойных пасадках, напалі на маладога аленя. Вельмі маладога – напэўна, не больш за год яму было. З’елі адразу на месцы: на ўсіх кілаграмаў 70 не так і многа. 

На месцы ад аленя засталіся толькі кавалак скуры, капыты ды чэрап.

Тут нам вельмі зручна паляваць, бо алені прыходзяць часта. Любяць сасну аб'ядаць. Вунь, бачыш, як на дрэвах аб'едзеная кара і абскубленыя верхавіны?