Калі ты думаеш, што воўчае жыццё лёгкае, то памыляешся. Людзі бегаюць за намі з дубальтоўкамі. Ставяць пасткі ды петлі. Выжываць нам цяжка.

Я, хоць і малады, але паляваў спраўна, аленяў заганяў ды частаваўся свежанінай. А вясной пашкодзіў лапу – давялося пераходзіць на падлу, хадзіць на могільнікі жывёл: паляваць ужо так не мог, як раней.

Добра, што я не адзін: з падтрымкай лягчэй. І ад сваіх абавязкаў я не бягу: разам з астатнімі заўжды на варце. Вось прыйшлі са сваяком разнюхаць, хто ж гэта на нашай тэрыторыі надумаў зрабіць сваю рэзідэнцыю.

  

Расказ даследчыка Мікалая – “хроснага” ваўка Міколы:

У сярэдзіне траўня, аглядаючы месца, дзе воўк Алесь трымаўся падазрона шмат часу, мы знайшлі нару пад вываратнем і вельмі ўзрадаваліся. Малапрыкметныя сцяжынкі сведчылі, што гэтай схованкай ваўкі карыстаюцца не адзін дзень. Напэўна ж логава! Як мы прагледзелі, што Алесь абзавёўся сям’ёй? А колькі ў яго ваўчанят? Паспрабаваць адказаць на гэтыя пытанні можна было толькі паставіўшы фотапасткі. Пры сабе ні адной камеры ў нас не было. Таму мы вырашылі звярнуцца па дапамогу да нашых калег з навуковага адзела Нацпарку.

 

Перад нашым прыходам прайшоў дождж, таму вельмі выразна былі відаць сляды ваўка. Адна лапа пакінула вельмі глыбокі след. Мы вырашылі, што воўк спяшаўся пакінуць логава, таму, скокаючы, пакінуў такі адбітак.

Мы адышлі на сотню метраў і патэлефанавалі калегам наконт фотапасткі. Адзін з нас паехаў па яе, а я пачаў чакаць недалёка ад логава. Вартаваў  каб ваўкі не паспелі забраць ваўчанят да прыбыцця фотапасткі. Перыядычна птушкі вакол падымалі гвалт, і гэта азначала, што драпежнік круціца дзесьці недалёка.

  

Я чакаў напарніка Мікіту з фотапасткай і вырашыў, тым часам, больш дэталёва аглядзець логава. Падышоў да нары і ўразіўся: пакуль логава не было ў маім полі зроку, воўк пабываў у ім. А гэта магло адбыцца толькі ў той час, пакуль мы тэлефанавалі сваім калегам. Во разумныя ваўкі! Напэўна, ваўчанят вынеслі? Тым не менш фотапастку вырашылі паставіць. Вельмі карцела паглядзець, колькі ваўчанят у логаве. Таму на наступны дзень вырашылі паглядзець, што зафіксавала фотапастка. Якое было расчараванне: на флэшцы пабачылі толькі адну сініцу і ніводнага ваўка. Тады мы пакінулі дзве камеры вакол логава і толькі праз месяц вырашылі зняць. 

Вось і настаў час, калі можна было паглядзець таямніцы логава.

Але тое, што зафіксавала фотакамера, прымушае над многім задумацца. Тут і трагедыя, і сяброўства, і нам, людзям, вялікі прыклад цёплых адносін і дапамогі, калі сабрат папаў у бяду.  

Давайце і мы паглядзім храналогію жыцця каля логава.

Праз паўмесяца раніцою ваўкі наведалі логава.

 

Першым падышоў воўк без ашыйніка. Адразу ўзнікла думка, што гэта самка.  

   

Але ракурс здымка не дае магчымасці вызначыць пол.

 

А вось падышоў і наш герой у ашыйніку, Алесь. Хаця… На здымку ж малады воўк. А наш Алесь быў адлоўлены ва ўзросце 4-5 гадоў і меў вагу 39 кг. Як гавораць у народзе, “у самым росквіце сіл”. А тут нейкі малады воўк. Штосьці тут не так…

 

Ды паглядзіце, людцы добрыя! Левую лапу воўк трымае ненатуральна – неяк далікатна. Выглядае, што ён атрымаў траўму.

 

Хаця нара прываблівала ваўкоў, яны туды не палезлі. Паводзіны такія,  быццам яны прышлі не да сваёй хаты, а проста пацікавіцца гэтым логавам.

Усё праясніла відэа, якое мы пабачылі вышэй. На ім відаць, што гэта два самцы і што наш воўк з ашыйнікам  зрабіўся калекам. Прааналізаваўшы шлях ваўкоў за 4 чэрвеня, той дзень, у які фотапастка зафіксавала ваўкоў каля логава, мы прыйшлі да высновы, што на здымку Мікола. Менавіта яго трэк праходзіў у гэты час недалёка ад логава. А Алесь у гэты час вандраваў на поўдні Белавежскай пушчы.

Да суседняга логава ваўкі, відаць, прыйшлі пацікавіцца, хто на іх тэрыторыі хацеў зрабіць сваю рэзідэнцыю.

Цяпер зразумела, чаму наш Мікола больш за ўсё трымаўся каля логава сваіх бацькоў.  Яму цяжка паляваць, і на дапамогу прыйшоў сваяк са зграі. Яны ўдвух харчуюца, вандруюць.

Дзе і як Мікола атрымаў траўму, няясна. Вядома, што зімой ён быў здаровы і мог паляваць. Хоць сям’я Міколы жыве ў запаведнай частцы Белавежскай пушчы, дзе жывёлы знаходзяцца пад аховай, але тэрыторыя зграі нашмат большая. Яна выходзіць не толькі за межы запаведнай зоны, але і за межы Нацпарку, а гэта нясе павышаную рызыку. Не выключана, што малады воўк мог трапіць у пастку або пад стрэл паляўнічага. Магчыма таксама, што ён захрас недзе лапай і пашкодзіў яе, вызваляючыся.

Міколу пашчасціла, што ён не адзіночка, а жыве ў зграі. Хоць у яго бацькоў ёсць маленькія ваўчаняты, тым не менш, супляменнікі не пакідаюць у бядзе калеку. Вось так здаровыя ваўкі ўзялі апеку над інвалідам. Аказваецца, і ў ваўкоў ёсць ўзаемавыручка і высакародства. І не вер пасля гэтага ў гісторыю, што калісьці ваўчыца выкарміла малаком заснавальнікаў Рыма.

Падтрымай ваўкоў-блогераў голасам: сайт vouk.by змагаецца за перамогу ў конкурсе найлепшых сайтаў байнэта.