Мы, ваўкі, любім парадак. Калі нараджаць ваўчанят, дык у прыдатны час, калі ў іх болей шанцаў узгадавацца і выжыць. Зуб даю: травень – выдатны час для з’яўлення малых на свет. Ведаю, бо ў самога ўспаміны з маленства яшчэ свежыя.

 

Яшчэ летась я быў сляпым ваўчанём, а цяпер зрабіўся старэйшым братам. Дапамагаю бацькам здабываць ім ежу, назіраю за сямейным жыццём: мо, праз год ці два знайду сабе сяброўку, дык досвед не зашкодзіць.

 

Дзіўнае адчуванне: у логаве, у якім я рос, цяпер гадуюцца мае малыя сваякі. Але ж і смешныя гэтыя нязграбныя сысункі – няўжо і я такім быў? Глядзі, як упарта караскаскаецца мой цікаўны брацік з нары, адно каб потым зваліцца ў яе назад. Моцны будзе воўк!

Цікава, будзе ён вандроўнікам ці “дамаседам”, як я? Па шчырасці, мяне пакуль не вабяць далёкія землі, я ўвесь час недзе побач з нашым логавам: ежы мне хапае і тут.

Хочаш расказаць пра папаўненне ў нашай зграі сябрам? Падзяліся гэтай спасылкай.

Воўчы блог увайшоў у Топ-10 найлепшых сайтаў байнэта!  Змагаемся за перамогу - падтрымай ваўкоў голасам!