Кожны з нас хоць раз меў досвед абеду ў звычайнай сталоўцы — нагадаем, гэта калі на адну гару уяўных катлетаў "папараць-кветка" збіраецца ўдвая больш яе адданых аматараў, якія хутчэй пагодзяцца на галадоўку, чым застануцца без сваёй любіміцы. Пачынаецца класічнае "вас тут не стаяла", "болей за адну ў адныя рукі не выдаваць" ці ўвогуле высвятленне цікавых фактаў з біяграфіі і асаблівасцяў светаўспрымання калег па чарзе.

Чым ад такой чаргі адрозніваецца воўчая зграя? Па-першае, большай прыстойнасцю. Вось наша ваўчыха Завея разам з калегамі разжылася цэлым цялём аленя (гэта як "папараць-кветка", толькі круцей, хоць і гучыць фантастычна), і што ты думаеш? Хапіла ўсім! І нават не на адзін раз.

Вядома, зразумець, што вось гэта на фота ніжэй калісьці было аленем, цяпер досыць цяжка. Але і нашыя даследчыкі хлусіць не будуць. Таму класічнае, вядомае з дзіцячых часоў "а для ваўка — лупіна" можна перафармуляваць у "пасля ваўка — лупіна".

 

Таму наступны раз, калі ты будзеш стаяць у чарзе, узгадай пра ваўкоў і падумай, мо выслоўе "чалавек чалавеку воўк" - гэта зусім не кепскі варыянт.

Фота - Аляксандр Пекач