Калі ты думаеш, што ваўкі не могуць нічога, апроч бязвізавых вандровак і паядання аленяў, то ты памыляешся. Прыкладаў таму шмат, а пачнем мы з гісторыі класічнай.

Кожнаму з нас хаця б раз у жыцці сніслася малазразумелае глупства, пасля якога пачынаеш думаць, а ці ўсё ў парадку ў цябе з галавой. Дык вось: так было заўжды. І выключэннем не стаў нават князь Гедымін.

Аднойчы князь Гедымін бавіў час у ваколіцах Крывой ці, як яна называлася яшчэ, Лысай гары (адсюль мы робім высновы, што нашыя далёкія продкі мелі пэўны скепсіс у дачыненні гэтай самай гары), дзе займаўся паляваннем. І не на абы каго, а на тура. Тут мы ўдакладняем, што тур – гэта такі сабе лясны бык, якога, што праўда, не бачылі з 1627 года.

Тура мы вам паказаць не можам. Але во гэта во — ягоны найбліжэйшы сваяк ппад назвай "ватусі". Фота National Geografic

Упаляваўшы тура, Гедымін лёг спаць і раптам ува сне ўбачыў ваўка. Прычым не проста ваўка, а ваўка вялізнага, жалезнага, які выў, паводле князя, "як сотня ваўкоў". Цяжка сказаць, ці гэта тур трапіўся няякасны, ці то начоўка ў князя не задалася, але Гедымін вырашыў даведацца, да чаго сняцца жалезныя гучныя ваўкі. На дапамогу князю прыйшоў паганскі вяшчун Лідзейка, які сказаў, што жалезны воўк азначае замак і месца, дзе князь мусіць пабудаваць горад, а тое, што воўк вые, значыць, што слава горада будзе таксама няслабай.

Гедымін падумаў, і заснаваў на гэтым месцы Вільню. Шкада, дарэчы, што больш жалезныя ваўкі князю не мроіліся, інакш бы гістарычная забудова нашага рэгіёна магла быць іншай.

А што жалезны воўк? А яго, дарэчы, можна ўбачыць хоць сёння — ад Вільні ён адбег, і цяпер знаходзіцца за 80 кіламетраў, у горадзе Варэна, і выглядае вось так:

 

Фота Drive2.ru

Таму наступны раз, выправіўшыся ў Вільню на прагулку ці проста каб закупіць карысныя штукі ў Акропалісе, узгадай, дзякучы каму менавіта гэта стала магчымым.