Аматар пушчаў

Мы ўжо пісалі пра падарожжы Рудога на тэрыторыі Польшчы.

 

Пасля доўгіх вандровак ён спыніўся ў Цеханавецкай пушчы. Яна невялікая, не параўнаць з Белавежскай. Гэта хутчэй лясок, чым буйны лясны масіў. Але гісторыя - прадмет упарты. Назва пушчы захавалася, а значыць, калісьці шумелі і тут велічныя лясы з меднастволымі карабельнымі хвоямі. Цяпер ад былой пушчанскай славы Цеханавецкага лесу засталіся адны быліны. Але менавіта гэты лясок, рэштка пушчы, спадабаўся Рудому. Тут, як мы мяркуем, ён здабыў сямейнае шчасце.

 

У дарогу

Даследчык Мікалай Чэркас

 

Калі высветлілася, што ў Рудога ёсць логава і зграя, мы наладзілі перадатчык, каб ён адпраўляў нам каардынаты толькі адзін раз у дзень. Гэта падоўжыла б працу акумулятара, і мы маглі б даўжэй назіраць за перамяшчэннем нашага падапечнага. Але па іроніі лёсу здарыўся збой, і сігнал не прайшоў. Набліжаўся дзень, калі на электронны замок ашыйніка паступіць электрычны імпульс і ён расшпіліцца. Дзень «Х» наступіў. Воўк вызваліўся ад «шпіёна». Паглядзеўшы на спадарожнікавую карту, мы ўзрадаваліся. Аброжак адпаў у полі, гэта значыць, знайсці яго будзе няцяжка. Пачалася падрыхтоўка да паездкі за ашыйнікам. Але раптам каардынаты месца, дзе ён знаходзіўся, пачалі прыходзіць з вялікім «рассевам». Складалася ўражанне, што ашыйнік пачаў перамяшчацца. Для гэтага магло быць некалькі прычын:

1. Хібнасць перадатчыка пры зняцці каардынатаў.

2. Аброжак па нейкай прычыне не адшпіліўся, воўк быў паранены і ляжаў на адным месцы, а потым пачаў рухацца.

3. Няспраўнасць ў перадатчыку.

4. Польскі фермер праводзіць сельгасработы на полі. Напрыклад, сушыць сена і варочае яго разам з ашыйнікам.

Любая версія падштурхоўвала хутчэй выехаць на месца і пачаць пошукі аброжка.

 

Усмешка фартуны

Скончылася доўгая працэдура праходжання мяжы. Хацелася хутчэй трапіць на поле, дзе адпаў аброжак. Калі трава там скошаная, то, верагодна, пасля абеду яе будуць прэсаваць. Трэба было паспець да гэтага. Дарогі ў Польшчы адрозніваюцца ад беларускіх. Калі ў нас нават на Альманскіх балотах дарогу будуюць як праспект, то польскія вузейшыя, і дрэвы растуць побач з дарожным палатном.

 

А шостай гадзіне вечара я ўжо быў на месцы. І вось GPS адлічвае метры да кропкі, дзе павінен ляжаць аброжак. Сотня метраў - і стрэлка ўпарта вядзе мяне з сенакосу ў вялізныя зараснікі кукурузы. Веру прыборам. Зверыў з раздрукаванымі картамі. Знайшоў арыенціры. Так, трэба ісці ў кукурузу. 20, 10, 1 метр да ашыйніка - паказвае GPS, але аброжка не відаць. З цяжкасцю прабіраючыся паміж сцёблаў кукурузы, намотваю колы, але безвынікова. Давялося памяняць тактыку пошуку і чаўнаком хадзіць па шэрагах. Кукуруза высокая, лісце вельмі нізка, здалёк нічога не ўбачыш. Трэба ісці, дужа сагнуўшыся. Пасля марных пошукаў кідаю гэты занятак. Можа, ашыйніка наогул тут няма?

Наступнага дня, узяўшы радыёпеленгатар у Інстытуце сысуноў у Белавежы, я вярнуўся на поле. Праз метраў трыста ў эфіры загучаў ціхі сігнал ад перадатчыка. З антэнай ісці па кукурузным полі вельмі цяжка. Таму, узяўшы азімут гуку з розных бакоў, накіраваўся на месца выходнага сігналу. І вось яна, радасць - аброжак. Нарэшце скончыліся прыгоды.

 

 

 

Даследаванні праводзяцца ў рамках праграмы ў падтрымку запаведнасці Белавежскай пушчы, якую сумесна рэалізуюць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і ГПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства.

 

Спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Мікалай Чэркас