АПБ пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства і калег з нацпаркаў Беларусі і Польшчы* зладзілі фестываль “Ноч ваўкоў”, у якім паўдзельнічалі паўтары сотні чалавек. Ваўка ў дзікай прыродзе не сустрэлі, але яго прысутнасць у нашых лясах стала відавочная ўсім. Да якіх яшчэ высноў прыйшлі ўдзельнікі Ночы ваўкоў і што адбывалася на фестывалі – даведаешся з нашага фотарэпартажа.  

 

*Нацыянальны парк “Белавежская пушча” (Беларусь) і Белавежскі нацыянальны парк (Польшча)

З тэмай ваўка мы сутыкаемся яшчэ ў маленстве. Казкі, легенды, мультфільмы. На жаль, не кожная ідэя, закладзеная аўтарам ці перапрацаваная народам, нясе добры пасыл. На Ночы ваўкоў ад стэрэатыпаў пра ваўка пазбавіліся як дзеці, так і дарослыя.

Мерапрыемства пачалося задоўга да першых зорак. Ваўкі найбольш актыўныя на заходзе сонца і на світанні. Палююць пераважна ў прыцемках. 

Як кажуць паляўнічыя, цяпер у пушчы сустрэць ваўка можна даволі часта. Але падыходзіць да яго бліжэй за 100 метраў ніхто не спяшаецца. Іншая справа – сфатаграфацца вось з такім кардонным ваўком. 

 

 Праз адсутнасць снегу падлічыць ваўкоў у пушчы гэтай зімой не атрымалася. Але паводле некаторых назіранняў колькасць жывёл узрасла, паводле іншых – яна не мянялася апошнія некалькі гадоў. 

Навуковец з Польшчы Мацей Шэўчык глядзіць на ваўчынае насельніцтва шырэй. 

 

Ён вывучае драпежніка па ДНК і дакладна ведае, як змяшэнне крыві адбіваецца на яго выжыванні.

Дзмітрый Шамовіч і Анастасія Кузьмянкова добра ведаюць псіхалогію ваўкоў. Яны вырасцілі разам трох ваўчанят, якія засталіся без ваўчыцы.  

 

Віктар Фянчук, каардынатар праграмы па Белавежскай пушчы ад Франкфурцкага заалагічнага таварыства, свае адносіны да ваўка выказвае як будысцкі мудрэц: кожная жывёла мае права на існаванне, а воўк, да таго ж, звышдрапежнік, таму яго жыццё значыць шмат для ўсёй экасістэмы.

 

 Ігар Бышнёў, доктар біялагічных навук і рэжысёр-анімаліст, ужо дзесяць гадоў выказвае сваю любоў да ваўка праз фільмы. Паглядзець іх можна было на фестывалі, але даступныя яны і ў інтэрнэце. 

Валер Дамброўскі, навуковец, які займаецца вывучэннем ваўкоў у чарнобыльскай зоне, выступае за тое, каб рэжым забароны на адстрэл драпежніка ў радыяцыйна-экалагічным запаведніку дзейнічаў як мага дольш. Апошнім часам ідзе гаворка аб тым, каб адмяніць прывілегіі мясцовых ваўкоў.

 

 Ірына Кашпей, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях і студэнтка магістратуры Эдынбургскага ўніверсітэта, часта сутыкаецца з негатыўным стаўленнем да ваўка. Гэта абурае, але, яна спадзяецца змяніць сітуацыю да лепшага, у тым ліку з дапамогай такіх мерапрыемстваў.

 Нават дзеці былі ўражаныя звесткамі Ірыны аб тым, колькі месца патрэбна адной ваўчынай зграі ў параўнанні з чалавекам. 

 Для дзяцей польскія калегі арганізавалі насычаную праграму – актыўныя гульні і віктарыны.

 Амаль кожны пабываў у шкуры ваўка. Але ціск, які адчувае на сабе драпежнік падчас адлову, нікому, на шчасце, перажыць не давялося.

 

Няпростае жыццё ваўка было тэмай спектакля «Ваўчок-Маўчок», які прапанаваў беларуска-польскі тэатр «Чрэва» з Падляшша. Акторы агучвалі ваўчкоў на звыклай для беларусаў прыгранічча падляшскай гаворцы.

Хадзіць па лесе ў цемры – добрая ідэя. Удзельнікі экскурсіі час ад часу то ўключалі, то выключалі свае ліхтарыкі, каб разабраць, што паказвае ім гід. То косткі, то ваўчыныя экскрэменты з рэшткамі абеду. Для біёлага – усё гэта каштоўныя знаходкі.

У нейкі момант падалося, што праважаты і сам ператварыўся ў ваўка. Склаў рукі асаблівым чынам і як пачне выць! Гэта называецца вабіць ваўка.

 

Усе пяць экскурсійных груп сустрэліся на Царскай паляне, дзе чакала вогнішча.

Але байкі пра ваўка на гэтым не скончыліся. У наступны дзень невялікую групу беларусаў чакала невялікая замежная паездка. Разам з польскімі гасцямі яны пераехалі на польскі бок Белавежскай пушчы, дзе адбылася дзённая экскурсія.

Вось што кажуць пра першую Ноч ваўкоў яе ўдзельнікі.

Ганна Бырысевіч, магістрантка Варшаўскага ўніверсітэта:

“Падзея мяне зацікавіла перадусім тым, што яна адбывалася ў маёй ўлюбёнай Белавежскай пушчы, з якой мяне яднае шмат прыемных жыццёвых успамінаў. Да таго ж, гэта была польска-беларуская падзея –  цікава паглядзець, як адное і тое ж экалагічнае пытанне вырашаецца ў розных краінах. Уразіла, як ад неадукаванасці і нежадання разбірацца глыбей людзі прымаюць такія рашэнні як адстрэл ваўкоў”. 

Раман Лепей, інструктар па спартыўным турызме:

“Я вельмі рады, што паўдзельнічаў у Ночы ваўкоў. Збіраўся з маленькім сынам, але ён напярэдадні захварэў, і я паехаў сам, сабраў разам яшчэ людзей. Люблю жывёл, воўк таксама мяне цікавіць. Буду рады наступным разам выступіць у якасці валанцёра”.

Больш фота з Ночы ваўкоў – у сацсетках Facebook і Vkontakte

Мерапрыемства адбылося ў межах Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы, які сумесна рэалізуе ДПУ “Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Франкфурцкае заалагічнае таварыства.

Тэкст: Аліна Ляпёшкіна

Фота: Міхаіл Капычка