Накіроўваючыся на пошукі гнязда вялікага арляца ў заказнік "Альманскія балоты", палявы супрацоўнік палескага праекта грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" спыніўся каля паляўнічай вышкі, вакол якой, па чутках, паляўнічыя выкладваюць прынаду на драпежнікаў. Кадры, якія ён зняў, маглі б легчы ў аснову фільма пра Дзікі Захад.

Дзе знаходзіцца вышка

Найбліжэйшы да вышкі населены пункт — вёска Букча. Калі пачынаць свой шлях адсюль, трэба выехаць на насыпную дарогу, якая ідзе з поўдня на паўночны захад, у бок адселенай яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя вёскі Калкі. Неўзабаве пасля паказальніка "Рубрынскае лясніцтва", на скрыжаванні, трэба павярнуць направа — на лясную дарогу. Вышка будзе злева за 50-70 метраў.

Карціна, якую ў ваколіцах вышкі давялося назіраць нашаму экаабаронцу, не для ўражлівых. Рэшткі гэтага чэрапа маглі належаць карове. 

А гэты, як выказаў здагадку наш палявы супрацоўнік, — або ваўку, або буйному сабаку.

 Гэта сківіца буйной жвачнай жывёлы.

Шкура, верагодна, калісьці належала ласю.

А гэта — шкура і капыты казулі.

І гэта была казуля.

А гэта — закручаныя ў сетку трыбухі з жудасным пахам.

А вось яшчэ біркі свойскай жывёлы. Напэўна, бачылі такія на вушах беларускіх кароў?

На фота — прынада. Гэта тушы і парэшткі жывёл: іх выкладваюць і пакідаюць ляжаць, каб драпежнік, перш за ўсё воўк, вядомы сваёй наафобіяй (заўв. — страхам новага), прызвычаіўся да такога суседства і перастаў баяцца выходзіць. Паляўнічыя спадзяюцца, што праз некаторы час прыйдуць на вышку і застрэляць асмялелага звера.

Звычайна прынада прыцягвае ваўкоў-адзінцоў. Для звера, які не можа паўнавартасна паляваць без зграі, гэта прывабны спосаб харчавання. Аднак у раёне Альманскіх балот ваўкі могуць прыходзіць на прынаду і сем’ямі. Шчыльнасць жывёл, якія ўваходзяць у рацыён ваўка, там меншая, чым дзе-небудзь, і голад можа змушаць драпежніка ісці на крайнія меры.

Віктар Фянчук, каардынатар праектаў АПБ і Франкфурцкага заалагічнага таварыства ў Беларусі і ініцыятар “Воўчага блогу” лічыць, што паляванне на драпежніка на прынаду — супярэчлівая рэч:

"Паляванне на ваўка на прынаду — адзін з самых неэтычных відаў палявання. Даступнымі становяцца карабіны, оптыка, прыборы начнога бачання. Сядзець на вышцы і страляць здалёк утульна і зручна. Такое паляванне не пакідае галоднаму зверу практычна ніякага шанцу. Пры гэтым ваўкі часта нават не разумеюць, ад чаго член іх групы ўпаў і больш не ўстае. І не вучацца баяцца чалавека".

Пастаянны пераслед ваўка, у прыватнасці з дапамогай прынады, аслабляе і без таго знясіленую папуляцыю ваўкоў Палесся: зграі драбнеюць, з'яўляецца шмат адзіночных ваўкоў. Але людзі рэдка аб гэтым думаюць. Да таго ж, паляванне на прынаду дазволена. Вось што сказана ў Правілах вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання:

"Размяшчэнне ў паляўнічых угоддзях туш або іх асобных частак, вантроб жывёл забараняецца, за выключэннем выпадкаў, калі яны выкладваюцца ў якасці прынады для стрэльбавага палявання з засады, бясстрэльбавага палявання, прыцягнення жывёл да месцаў назірання і (або) фота- і відэаздымкаў".

Сухая фармулёўка закона дае мала інфармацыі. Незразумела, які тып прынады мусіць быць і колькі яна можа ляжаць на мясцовасці. Каб гэта высветліць, мы звярнуліся па каментар да начальніка аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандра Казарэза. Ён патлумачыў, што выбар таго, як выкарыстоўваць  прынаду, цалкам ляжыць на карыстальніках паляўнічых угоддзяў.

У паляўнічай гаспадарцы "Ласіны востраў", да якой належыць высечка з вышкай, нашаму экаактывісту адказалі, што размаўляць пра прынаду з ім не збіраюцца. У міжраённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету ў Тураве пытаннем таксама не зацікавіліся:

"Каб сказаць дакладна, мне трэба бачыць месца. У Давыд-Гарадоцкае аддзяленне набярыце, можа, што падкажуць. Можа, гэта і было калі", — заўважыў інспектар.

На полі каля вышкі новыя парэшткі жывёл з'яўляюцца рэгулярна. Мясцовыя кажуць, што назіраюць гэтую карціну як мінімум другі год запар. Звычайна выкладваюць часткі лася або казулі. Але мы ўбачылі на зямлі і часткі шкілета каровы і сабакі — жывёл, якія не з'яўляюцца традыцыйнай здабычай для ваўка, але галодны драпежнік можа пераключацца і на іх. Так ствараюцца тыя самыя канфлікты паміж чалавекам і ваўком, тлумачыць Віктар Фянчук:

"Звычайна ваўкі спецыялізуюцца на канкрэтных відах здабычы. Напрыклад, у Белавежскай пушчы больш за 75% харчавання ваўкоў складае высакародны алень, у Чарнобыльскай зоне больш за 90% харчавання ваўкоў — гэта лось. Такая спецыялізацыя спрыяе таму, што ваўкі ва ўмовах Беларусі не разглядаюць свойскіх жывёл у якасці патэнцыйнай здабычы і пакуль не палююць на іх. Калі ў якасці прынады выкладваюць свойскіх жывёл, то воўк вучыцца ўспрымаць іх як патэнцыйных ахвяр. І там, дзе ў ваўка абмежаваныя магчымасці для здабычы ежы, як на Альманскіх балотах, ён пачынае часцей выходзіць да чалавека і звяртаць увагу на свойскіх жывёл".

Часцей за ўсё чалавек бярэцца вырашаць падобны канфлікт інтэнсіўным паляваннем на ваўка ў ваколіцах. Эколагі лічаць, што гэта не дапамагае, а толькі далей  распальвае варожасць паміж дзікай прыродай і чалавекам: становіцца яшчэ больш ваўкоў-адзінцоў, якім складана пракарміцца.

Эколагі АПБ заклікаюць улічваць важную ролю ваўка для дзікай прыроды беларускага Палесся і спыніць яго паўсюдны пераслед. У тым ліку забараніць такія супярэчлівыя метады палявання, як пасткі, якія захопліваюць нагу жывёлы і прынада.

Вы таксама можаце дапамагчы ў гэтым — звярнуцца ў Міністэрства лясной гаспадаркі з крытыкай дзейных правілаў палявання і распаўсюджваць інфармацыю аб немэтазгоднасці знішчэння ваўка для вырашэння канфліктаў паміж драпежнікам і чалавекам.