Так выглядаюць "воўчыя пазнакі" 

Ваўкі — жывёлы зграйныя. І вельмі тэрытарыяльныя. Кожная зграя мае сваю тэрыторыю, якую ваўкі ўвесь час патрулююць і пакідаюць на межах пазнакмі, каб ваўкі з іншых зграй, а таксама ваўкі-адзіночкі, якія выпадкова трапяць сюды, ведалі, што гэтая мясцовасць ужо занятая. На фота добра бачныя "пазнакі", якія пакінулі ваўкі — характэрныя "задзіры" на зямлі і прыкапаныя мачавыя кропкі, на якія мы з вамі можам не звярнуць увагі, але якія зразумее кожны воўк. 

З усіх ваўкоў, якіх мы адлавілі ў 2017 годзе, толькі ваўчыха Завея ўваходзіць у зграю: дзякуючы фотапасткам мы даведаліся, як выглядае яе сям’я.

З якой колькасці ваўкоў складаецца зграя Завеі, для нас пакуль яшчэ загадка. На адной з кропак нашы даследчыкі знайшлі месца лёжак пяці ваўкоў. На відэа з фотапасткі трапіла ўсяго чатыры ваўкі. Па іншых прыкметах, жывёл у зграі яшчэ больш. Дзякуючы снегу мы ў хуткім часе зможам зразумець, колькі ўсяго ваўкоў у зграі нашай Завеі.

Тэкст і фота - Аляксандр Пекач