Менавіта так некаторыя з вас адрэагуюць на фота новай здабычы Міколы. Хіба не нагода для радасці: гэтую самую чупакабру вылоўліваюць ужо колькі год, а Мікола ўзяў і перамог, так бы мовіць, не лыпнуўшы вокам? Але радавацца рана.

 "Гэта не чупакабра, а янотападобны сабака" — адказна заяўляем мы. Янотападобны сабака — гэта такі дробны драпежнік, якога адначасова называюць і лісой, і сабакам, і янотам. А між тым ён звер зусім іншы.

Ад самага пачатку гэты сабака жыў сабе і жыў на Дальнім Усходзе, у Японіі, у Кітаі, карацей кажучы, у няблізкіх краях. У Беларусь янотападобны сабака трапіў у 1936 годзе не самым звычайным чынам: сто асобін проста завезлі і выпусцілі ў розных раёнах краіны, папярэдне стварыўшы для іх штучныя норы. І прывяло гэта да таго, што з 1952 года янотападобны сабака сустракаецца па ўсёй краіне, і шчыльнасць ягонай папуляцыі досыць высокая.

Гэты сабака хоць і драпежнік, але драпежнік павольны: калі раптам што, то хутчэй будзе прыкідвацца мёртвым. Астатні жыццёвы час нотавідны сабака праводзіць у вандроўках, пераважна ў начны час. Ці то мясцовы клімат для яго вельмі спрыяльны, ці то жабы, якіх любяць паесці янотавідныя сабакі, надта смачныя, але беларускія асобіны нават большыя за сваіх японскіх сваякоў.

Між іншым,  след у грамадскім жыцці янотападобнага сабакі таксама прысутнічае. Памятаеш старыя банкноты па 10 рублёў? Тыя, што сёння маюць вартасць 0,1 цяперашняй капейкі? Дык вось, лічылася, што купіць за іх нічога нельга. І дарма. Бо за 10 тагачасных рублёў прадавалася марка з выявай янотападобнага сабакі

А з Міколам у сабакі не склалася вось пры якіх абставінах. Наш воўк прыйшоў пачаставацца парэшткамі дзіка, а янотападобны сабака трапіўся пад гарачую лапу і быў Міколам задушаны.