Воўк знаходзіцца на самай вяршыні харчовага ланцужка і ўплывае на экасістэму ў цэлым.

І хоць жыхары мясцовых вёсак перыядычна расказваюць страшныя гісторыі пра напад ваўкоў на людзей і хатніх жывёл, ніводзін такі выпадак не быў пацверджаны.

«У пушчы не было зафіксавана ніводнага выпадку нападу ваўка на чалавека. Бываюць паведамленні аб нападах на хатніх жывёл, але яны таксама ні разу не пацвярджаліся. У цэлым, як толькі паведамленні пачалі правярацца, іх зрабілася значна менш», - кажа Мікалай.

Навуковец лічыць, што галоўная прычына, чаму з'яўляюцца і, галоўнае, распаўсюджваюцца ўсе гэтыя страшныя гісторыі - гэта вера людзей у тое, што воўк - страшны звер, які толькі і робіць, што шукае, на каго б напасці.

Зрэшты, не варта забываць і такую ​​асаблівасць малых супольнасцяў, як любоў да рознага кшталту плётак. Калі рэальных навін мала ці яны не асабліва цікавыя, людзі пачынаюць ствараць альтэрнатыўную гісторыю, і воўк - практычна неад'емная яе частка.

Распавядаючы пра тое, што чуткі пра напады не пацвярджаюцца, Мікалай не хавае радасці: яго відавочна турбуе рэпутацыя звера.

«Раней гэтыя байкі пастаянна з'яўляліся то ў адной вёсцы, то ў іншай. Людзі ж наслухаюцца і пачынаюць яшчэ мацней баяцца ваўкоў, а гэта значыць, што яны могуць часам забіваць звяроў «проста для прафілактыкі». Калі паведамленні аб нападах пачалі правярацца, стаўленне да ваўка ў цэлым пачало змяняцца. Страху зрабілася значна менш». 

Каб паляваць на буйных звяроў, у зграі павінна быць не менш за пяць асобін

Як правіла, ваўкі жывуць у зграях, хоць бываюць і адзіночкі.

«Назіраць за гэтымі жывёламі - адно задавальненне, - кажа заолаг. - У ваўчынай зграі заўсёды вельмі строгая іерархія і выразнае размеркаванне абавязкаў. У залежнасці ад таго, колькі ў зграі асобін, яна выбірае свае стратэгіі выжывання. Напрыклад, каб паляваць на буйных звяроў, у зграі павінна быць не менш за пяць асобін. Калі іх менш, яны проста не справяцца: груба кажучы, не ўсе ўчасткі работы будуць закрытыя».

Каб разумець, дзе жывуць ваўкі, як яны перамяшчаюцца, колькі іх у кожнай зграі, навукоўцы выкарыстоўваюць розныя метады: усталёўваюць фотапасткі, апытваюць егераў, зімой вывучаюць сляды на снезе. Так даследчыкі ствараюць больш-менш поўную карціну ваўчынага жыцця.

Таксама на звяроў чапляюць GPS-датчыкі, якія рэгулярна адпраўляюць звесткі пра месца ваўкоў. Наколькі часта навукоўцы будуць атрымліваць інфармацыю, трэба вызначыць загадзя. Тут важна знайсці баланс: калі абраць варыянт «адпраўляць дадзеныя кожную гадзіну», то навукоўцы атрымаюць вельмі дакладнае ўяўленне аб перамяшчэннях звера, але прылада хутка разрадзіцца, а калі дадзеныя будуць перадавацца занадта рэдка, то даследчыкі атрымаюць магчымасць назіраць за асобінай даўжэй, але не вельмі дэталёва.

Мікалай кажа, што калі датчыкі толькі пачыналі ўсталёўваць, яны былі настроеныя на перадачу інфармацыі кожныя дзве гадзіны. Атрымаўшы дадзеныя, навукоўцы выязджалі на месца, адкуль прыйшоў сігнал.

З часам яны пачалі лепш разумець, як ваўкі перасоўваюцца, і пачалі выязджаць толькі на самыя цікавыя і незвычайныя кропкі. Ды і датчыкі цяпер настроеныя інакш і не адпраўляюць дадзеныя так часта.

На пытанне, ці ўплывае наяўнасць прылады на паводзіны ваўка, Мікалай аджартоўваецца: «Людзі, калі надзяюць заручальны пярсцёнак, таксама пачынаюць паводзіць сябе інакш».

Вядома, мяркуецца, што датчык можа змяніць паводзіны ваўка, але праверыць гэта немагчыма, таму што няма інфармацыі для параўнання. Ды і наўрад ці змена паводзін выяўляецца ў тым, што ваўкі выбіраюць новыя маршруты або неяк інакш арганізоўваюць паляванне. Магчыма, першы час яны адчуваюць нейкі дыскамфорт, але з часам прывыкаюць. 

Ваўкі не ходзяць паўсюль

Паводле Мікалая Чэркаса, даследаванні паказваюць, што ваўкі маюць дастаткова выразна пазначаную тэрыторыю, па якой яны перамяшчаюцца. Тое, што ваўкі ходзяць паўсюль - гэта міф.

Больш за тое, калі звер зойдзе на чужую тэрыторыю і там трапіцца мясцовай зграі, яго могуць нават загрызці. У кожнай зграі ёсць свае памежнікі (ахоўнікі), якія сочаць за тым, каб чужынцы не парушалі правілаў.

Цікава і тое, што мараторый на адстрэл ваўкоў у Белавежскай пушчы таксама паўплываў на размежаванне ваўчыных тэрыторый. Памежнікі (каторыя людзі) адзначаюць, што пасля ўвядзення мараторыя ваўкі пачалі радзей рабіць падкопы, каб прабрацца на тэрыторыю суседняй краіны. Цалкам магчыма, гэта звязана з тым, што звыклая мясцовасць зрабілася для звяроў больш бяспечнай, і ў іх цяпер менш прычын для міграцыі.

Розныя зграі перамяшчаюцца з рознай актыўнасцю: аднойчы навукоўцы вырашылі параўнаць актыўнасць некаторых ваўкоў. Аказалася, што за адзін і той жа перыяд адна зграя пабывала ў дзесяці населеных пунктах, а другая - толькі ў двух. Але навукоўцы сачылі яшчэ і за ваўком-адзінцом: ён за той жа час паказаўся ў 36 населеных пунктах.

Хаця ў саміх населеных пунктах ваўкам не асабліва радыя. І хай яны не нападаюць на людзей і хатніх жывёл, стаўленне да іх усё роўна прадузятае.

Трэба разумець, што пушча жыве паводле сваіх законаў. Напрыклад, алень там лічыцца кімсьці накшталт святой жывёлы, і калі воўк забівае аленя, то яго ўспрымаюць як шкодніка.

Але ж, калі крыху адстароніцца ад мясцовых міфаў і вераванняў, то робіцца ясна: галоўны шкоднік ў пушчы - гэта чалавек. І колькі б прадстаўнікі паляўнічага лобі ні пераконвалі нас у тым, што адстрэл ваўкоў патрэбны для кантролю над папуляцыяй, гэты аргумент здаецца не надта пераканаўчым. У страха вялікія вочы, і змагацца трэба менавіта з ім, а не з ваўкамі.

Наста Захарэвіч для Зялёнага партала