Абывацелі ўяўляюць ахоўныя прыродныя тэрыторыі як сваеасаблівы каўчэг, дзе прывольна пачуваюць сябе ўсе звяры. Калі гаворка ідзе пра ваўкоў, то можна пачуць, што ваўкі хаваюцца ледзь не за кожным дрэвам.

 

Між тым, свет дзікай прыроды жорсткі і бязлітасны. І чужакоў тут не любяць, бо, пусціўшы іх у свой дом, ты можаш згубіць альбо жытло альбо крыніцу харчавання. Як добры прыклад таму — узаемаадносіны такіх драпежнікаў, які ваўкі.

 

Сёлета на поўначы нацыянльнага парка “Белавежская пушча” былі адлоўленыя шэсць ваўкоў, якіх даследчыкі “узнагародзілі” — аднаго каляровым ашыйнікам, а пяць драпежнікаў атрымалі па GPS перадатчыку. З тае пары для шматлікіх даследчыкаў ранак пачынаецца з прагляда адмысловага сайта, на якім бачны рух ваўкоў. І ваўкі, таксама паводзяцца няпроста, кожны падкідвае то “сюрпрыз”, то галаваломку. А адзін са звяроў, прайшоўшы вялікі шлях па Брэсцкай вобласці, прымусіў здзівіцца шмат каго са спецялістаў. Але давайце па парадку.

 

Наше герой быў адлоўлены адным з першых, недалёка ад вёскі Дабраволя, і атрымаў казённы нумар 21932, а каманда сайта vouk.by дала яму імя Міхась. У момант адлову ён знаходзіўся ў добрай фізічнай форме і на піку сіл. Тым не меней, павёўся ён дзіўна. Стараніўся пушчанскіх лясоў і аддаваў перавагу палям. Пасля і ўвогуле сышоў на ўскраіну пушчы і бавіў час у кукурузных палях. Ну, а чым харчаваўся — нават сорамна прызнацца.
Абыходзячы месцы яго “палявання” рабілася крыўдна за такога суворага драпежніка. Рацыён ягоны складаўся з загінулых жывёлаў, мышэй. Не цураўся воўк прайсціся па звалках і жывёльных могілках. Адным словам, акрэслілася карціна паводзінаў тыповага здыхлятніка.

 

Чым болей мы пра яго даведваліся, тым болей складалася ўражанне, што ён воўк-адзіночка, і найверагодней – не “мясцовы”. Заціснуты з усіх бакоў зграямі сваіх братоў, ён трымаўся ўскраіны леса і звычайна аддаваў перавагу адпачнку на сельгасугоддзях.

 

Карціна рэзка змянілася пасля таго, як з палёў прыбралі кукурузу і перааралі. Хавацца стала цяжэй. Пасля такіх зменаў воўк вырашыў прайсціся па пушчанскіх лясах.

 

Верагодна, тэрыторыя Белавежскай пушчы размеркавана паміж ваўкамі і Міхась, прайшоўшы з поўначы на поўдзень, не знайшоў сабе прытулку.

 

Прайшоўшы Ясеньскае лясніцтва, ля вёскі Стойлы, ён выйшаў на прамую свайго падарожжа.  Варта адзначыць што ў мінулым адлоўлены ў Ясеньскім лесніцтве воўк міграваў з пушчы ажно ў Бярозаўскі раён. Наш герой абраў іншы шлях. Ён скіраваўся на поўдзень Беларусі. І, спыніўшыся на некалькі дзён ля загінулай ласіхі, сышоў на тэрыторыю Украіны. Спыніцца, альбо працягне вандроўку? Гэтае пытанне цікавіла нас некалькі дзён. Але, ці то клімат Міхасю не падышоў, ці то мясцовыя запалохалі. Так ці інакш ён вярнуўся ў Беларусь.


А нашу каманду цікавіла пытанне, чым ён харчаваўся ва Украіне? Таму хутка аргнізаваўшы экспедыцыю, мы скріаваліся ў тыя мясціны, дзе болей за ўсё трымаўся Міхась. Прыбылі на месца і расчараваліся. Большую частку свайго прыбывання, воўк правёў ля звалкі.

 

Вярнуўшыся ў Беларусь, Міхась правёў пару дзён ля мяжы, а пасля ізноў накіраваўся ва Украіну, а пасля і ўвогуле ў Польшчу. Відаць, звалкі там багацейшыя? А можа славянскае свята “Піліпаўка” так уздзейнічае?

 

Тэкст — Мікалай Чэркас